Зуёнак Васіль Васільевіч (нар. 3.6.1935, в. Мачулішча, Крупскі р-н Мінскай вобл.). Паэт, празаік, крытык, літаратуразнаўца, перакладчык. Сябра СП з 1966 г.
Закончыў Барысаўскую педагагічную вучэльню (1954), аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959). Працаваў у рэдакцыі газеты “Рабочае юнацтва” (Мінск), з 1960 да 1966 г. — у газеце “Піянер Беларусі”. Быў галоўным рэдактарам часопіса “Бярозка” (1972—1978). У 1966—1972 гг. намеснік галоўнага рэдактара, у 1978—1982 гг. галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”. У 1982—1989 гг. сакратар, у 1989—1990 гг. першы сакратар, у 1990—1998 гг. старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1966 г. Ганаровы сябра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра.
Выступае ў друку з вершамі з 1952 г. Аўтар зборнікаў паэзіі “Крэсіва” (Мінск, 1966), “Крутаяр” (Мінск, 1969), “Основа” (Москва, 1972), “Сяліба” (Мінск, 1973), “Нача” (Мінск, 1975), “Хлею на кленовых листьях” (Минск, 1977), “Маўчанне травы” (Мінск, 1980; па-руску Москва, 1987), “Час вяртання” (Мінск, 1981), “Світальныя птушкі” (Мінск, 1982; па-руску Москва, 1985), “Лукам’е” (Мінск, 1984), “Вызначэнне” (Мінск, 1987), “Лета трывожных дажджоў” (Мінск, 1990), “Чорная лесвіца” (Мінск, 1992), “Пісьмы з гэтага свету” (Мінск, 1995), “Азірнуўшыся не скамянець…” (Мінск, 2013), “Вертыкальныя рэкі сьвятла: вершы на сутоку тысячагоддзяў (1993—2006)” (электронны зборнік), “Шляхам Белага каменя: вершы сустрэчных дзён (2007—2021) (электронны зборнік), зборніка гумарыстычных вершаў “Качан на п’едэстале” (Мінск, 1973), кніг літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ, эцюдаў, падарожных нататак “Лінія высокага напружання” (Мінск, 1983), “Паміж небам і зямлёю” (Мінск, 2009), зборніка празаічных элегій “Паўстанак з літарай „Л“” (Мінск, 2021). Выдаў зборнікі паэзіі для дзяцей “Вясёлы калаўрот” (Мінск, 1965), “Жылі-былі пад вадой” (Мінск, 1969; па-руску Минск, 1979, 1980, 1982), “Сонечны клубочак” (Мінск, 1972; па-руску Минск, 1987), “Будзем сілы набірацца” (Мінск, 1974), “Лесной будильник” (Минск, 1977), “Покатился клубок” (Киев, 1979), “Шапка-ўсёвідзімка” (Мінск, 1983), “Хата, поўная гасцей” (Мінск, 1987), “Бадзірог” (Мінск, 1995), “Па ельнічку, па бярэзнічку…” (Мінск, 1996), “Рэха” (Мінск, 2003), “Запішыце мяне ў мядзведзі” (Мінск, 2013), кнігі нарысаў і замалёвак “Любіць прыроду — любіць Радзіму” (Мінск, 1962), “Працай славіцца чалавек” (1963). Выйшлі “Выбраныя творы” (Мінск, 2010), двухтомнік выбраных твораў — вершаў “Гронка цішыні” (Мінск, 1996) і паэм “Пяцірэчча” (Мінск, 1998). Перакладае з рускай, украінскай, балгарскай, польскай, славацкай, сербскай і іншых моў. Разам з Р.Барадуліным пераклаў кніжку вершаў У.Лучука “Возера-Бульдозера” (Мінск, 1978), выдаў зборнік “Знічкі сямі нябёс: з паэзіі народаў свету” (Мінск, 1992). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) за кнігу вершаў “Сяліба”, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1982) за паэму “Маўчанне травы”.