Золак Янка (сапр. Даніловіч Антон Міхайлавіч, 14.11.1912, в. Лучнікі, цяпер Слуцкі р-н Мінскай вобл. — 30.12.2000, Мілтаўн, Нью-Джэрсі, ЗША). Паэт, празаік, публіцыст, выдавец.
Закончыў Рагачоўскія настаўніцкія курсы, завочна Менскі педагагічны тэхнікум (1935). З 1930 г. працаваў настаўнікам пачатковай школы ў в. Міраціна Бабруйскага раёна. Быў карэктарам і памочнікам сакратара рэдакцыі бабруйскай газеты “Камуніст”. Пасля педтэхнікума паступіў на завочнае аддзяленне літаратурна-лінгвістычнага факультэта Аршанскага настаўніцкага інстытута. Працаваў настаўнікам у в. Гарбацэвічы Бабруйскага раёна. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у “Газэце Случчыны”. Улетку 1944 г. разам з сям’ёй выехаў на эміграцыю. У Нямеччыне працаваў у беларускіх пачатковых школах у Рэгенсбургу, Віндышбергердорфе, беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Міхельсдорфе і Бакнангу. Быў сябрам літаратурнага згуртавання “Шыпшына”. Заснаваў саматужнае выдавецтва “Ніва”, выдаваў перыёдыкі “Вызваленьне”, “Дзіда”. У 1951 г. пераехаў у ЗША, пасяліўся ў Нью-Джэрсі. Працаваў на чыгунцы, потым на трыкатажнай фабрыцы. Працягнуў выдаваць кнігі беларускіх пісьменнікаў, перыёдыкі “Беларускі патрыёт”, “Сялянскі кліч” і інш., а таксама друкаваныя насценныя беларускія календары ва ўласным выдавецтве “Адгук”. Заснаваў Беларускае культурна-мастацкае і навуковае таварыства. У 1960—1983 гг. — галоўны рэдактар часопіса “Беларуская Думка”. Удзельнік кангрэсаў беларусаў Амерыкі, адзін з кіраўнікоў Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі. У 1993 г. прыязджаў у Беларусь як удзельнік Першага з’езда беларусаў свету.
Пахаваны на могілках царквы Св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы, Нью-Джэрзі, ЗША.
Першыя паэтычныя спробы з’явіліся на старонках рукапіснага часопіса “Прамень” Лучнікаўскай сямігодкі. Друкавацца пачаў у 1930 г. на старонках часопісаў “Вясна” (Бабруйск), “Камуніст” (Бабруйск), “Камунары Магілёўшчыны”. Пазней друкаваўся ў “Газэце Случчыны”, “Голасе вёскі”, “Беларускай газэце” і інш., на эміграцыі — у перыёдыках “Шыпшына”, “Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі”, “Баявая Ўскалось” і інш. Аўтар зборніка гумарэсак “За чужы грэх” (ЗША, 1958), фантастычнай аповесці “Віталія” (ЗША, 1984), зборнікаў “Падкашнічак: з нататак пра мову” (ЗША, 1985), “Вятрыска з радзімай краіны” (Мінск, 1996). У 1979—1981 гг. выйшлі два тамы яго “Твораў”. Аўтар успамінаў “Мая сустрэча з Якубам Коласам ў 30-я гады”, крытычных артыкулаў пра творчасць Масея Сяднёва, Міхася Кавыля, Уладзіміра Клішэвіча і інш.