Зарэцкі Міхась (сапр. Касянкоў Міхась Яўхімавіч; 20.11.1901, в. Высокі Гарадзец, цяпер Талачынскі р-н Віцебскай вобл. — 29.10.1937, Мінск). Празаік, перакладчык, публіцыст, драматург. Сябра СП з 1934 г.
Нарадзіўся ў сям’і вясковага дзяка, дзяцінства правёў у вёсцы Зарэчча пад Шкловам. Вучыўся ў Аршанскай духоўнай вучэльні і Магілеўскай духоўнай семінарыі. Служыў перапісчыкам у паўвайсковай частцы, з 1919 г. настаўнічаў на Магілёўшчыне, узначальваў Шклоўскі валасны аддзел народнай асветы. У 1920—1927 гг. палітпрацаўнік Чырвонай Арміі. З 1924 г. сябра літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, уваходзіў у Цэнтральнае Бюро арганізацыі. У 1926—1927 гг. рэдагаваў часопіс “Маладняк”. У 1927 г. стаў адным з ініцыятараў утварэння новага літаб’яднання “Полымя”. У 1929 г. выключаны з ВКП(б). Да лістапада 1936 г. працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва БелАН. Сябра СП БССР з 1934 г. 3 лістапада 1936 г. арыштаваны. Прысуджаны да расстрэлу.
Расстраляны органамі НКУС у Мінску. Месца пахавання невядомае.
Дэбютаваў у друку ў 1922 г. апавяданнямі “Ці ж так?”, “Спатканне” і “Цішка Бабыль” у газеце “Савецкая Беларусь”. Аўтар кніг апавяданняў “У віры жыцця” (Менск, 1925), “Пела вясна” (Менск, 1925), “Пад сонцам” (Менск, 1926), “42 дакументы і Двое Жвіроўскіх” (Менск, 1926), “На чыгунцы” (Менск, 1928), “Бацькаў сын” (Менск, 1932), зборніка апавяданняў і п’ес “Ракавыя жаронцы” (Менск, 1930; па-руску: Москва—Ленинград, 1930), кніг нарысаў “Падарожжа на Новую Зямлю” (Менск, 1929) і “Лісты ад знаёмага” (Менск, 1931), аповесці “Голы звер” (Менск, 1926), раманаў “Сцежкі-дарожкі” (Менск, 1928; па-ўкраінску: Харьків-Київ, 1930; па-руску: Минск, 1971) і “Вязьмо” (Менск, 1932; па-руску: Минск, 1965). Пераклаў на беларускую мову “Цэмент” Ф. Гладкова (Менск, 1930) і “Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну” Я. Гашэка (ч. 1; Мінск, 1931). Выдадзены Збор твораў у 4 тамах (Мінск, 1989—1992), зборнікі выбраных твораў “Пачатак шчасця” (Мінск, 1975), “Кветка пажоўклая” (Мінск, 2002) і “Выбраныя творы” (Мінск, 2022).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 55: Збор дакументаў дзеячаў літаратуры).