Захаранка Мікалай Андрэевіч (нар. 13.5.1949, в. Васілевічы, Рэчыцкі р-н Гомельскай вобл.). Паэт, празаік, драматург. Уваходзіў у сябры СБП.
Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Доўгі час настаўнічаў у вёсцы Швабы Лагойскага раёна Мінскай вобласці, дзе і жыве.
Публікаваў апавяданні ў часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”, “Дзеяслоў”, “Роднае слова”, “Вясёлка”, газеце “Звязда”, вершы і публіцыстыку ў “ЛіМе”. Аўтар дзіцячых п’ес, зборнікаў прозы “І тады ўдарыў бом…” (Мінск, 2013), “Такі вецер, такі вецер…” (Мінск, 2019). П’еса “Паехалі” ставілася ў 1996 г. на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.