Загорская Ніна Сымонаўна (16.7.1940, в. Загор’е, Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Паэтка. Сябра СП з 1982 г.
Закончыла аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1962), Мінскую вышэйшую партыйную школу (1974). У 1960-х працавала старшым рэдактарам на Брэсцкай студыі тэлебацання. У 1973 г. накіравана на працу адказным сакратаром ў рэдакцыю газеты “Зорька”. З 1976 г. адказны сакратар рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач Беларускага радыё, з 1980 г. намеснік галоўнага рэдактара літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, з 1982 г. галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР. Працавала дацэнтам кафедры тэатральнай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. З 2006 г. працавала ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Была сябрам праўлення Беларускага аддзялення Міжнароднага фонду славянскага пісьменства і культуры. Арганізатарка рэспубліканскіх навукова-асветніцкіх экспедыцый “Дарога да Святыняў”. Сябра Саюза журналістаў БССР з 1965 г., Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі з 1986 г. Сябра СП СССР з 1982 г. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1992), лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” (2004), мае ордэн Святой Раўнаапостальнай княгіні Вольгі.
Пачала друкавацца ў 1958 г. Аўтарка зборнікаў вершаў “Радар” (Мінск, 1975), “Явар” (Мінск, 1982), “Мне добра з вамі” (Мінск, 1989). Укладала кнігі драматургіі “Крок у бессмяротнасць” (з А. Селязнёвай; 1984), “Крынічка” (1985), “Галоўны экзамен” (1987), “Каля роднай хаты” (1987), “І засталася каса ў пракосе…” (1988), “Чалавек на зямлі — гаспадар” (1989), “Радзіма мая дарагая” (1989), “Салют” (1990), “Ці будзе вясельле” (1992), “Сінязорка” (1995). Перакладала на беларускую мову творы армянскіх, літоўскіх, рускіх, украінскіх і іншых аўтараў.