Вярыга-Дарэўскі Арцём Ігнатавіч (23.11.1816, в. Кублічы, Лепельскі павет, Віцебская губерня, Расійская Імперыя — 1884, Іркуцк). Паэт, драматург, даследчык фальклору.
Належаў да старадаўняга, але збяднелага дваранскага роду. Быў хрышчоны ў каталіцтва. Бацька яго быў дазорцам мер і вагаў у Кублічах. Маці памерла пасля родаў. Дзяцінства Арцёма Вярыгі-Дарэўскага прайшло ў фальварку Людвінава непадалёк ад Дзісны. Пасля заканчэння Забельскай гімназіі (мяст. Валынцы, цяпер Верхнядзвінскі раён) служыў у Віцебскай часовай камісіі для рэвізіі дзейнасці ў 1836—1844 гг. Віцебскага губернскага дваранскага дэпутацкага сходу. У сярэдзіне 1840-х гг. набыў фальварак Стайкі паблізу Віцебска, ажаніўся. Служыў у розных установах Віцебска. У 1852 г. атрымаў чын калежскага асэсара. У 1861—1862 гг. браў удзел у патрыятычных дэманстрацыях у Віцебску, за што стаў аб’ектам пільнага нагляду жандараў. У 1863 г. адзін з кіраўнікоў узброенага выступлення на Віцебшчыне. Арыштаваны 6 мая 1863 г., амаль два гады правёў пад следствам у віцебскай турме. Першапачаткова асуджаны на пажыццёвую катаргу, замененую 8 гадамі катаржных работ. У 1865 г. сасланы ва Усходнюю Сібір (саляварны завод ва Усоллі). З 1868 г. знаходзіўся на пасяленні ў Іркуцку, РФ. Памёр там жа.
Месца пахавання невядомае.
Аўтар паэм, гутарак і драматычных твораў, якія разыходзіліся ў рукапісах: паэмы “Ахульго”, драмы “Гордасць”, камедый “Хцівасць” і “Грэх 4-ы — гнеў”, дарожных нататак “Гутарка з пляндроўкі па зямлі латышскай”. Першым пераклаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча “Конрад Валенрод”. Беларускія творы з-за цэнзурных умоў не друкаваліся, рукапісы не знойдзены. Пры жыцці ў 1858 г. выйшла адзіная кніга на польскай мове “Гутарка пра сваяка” пад псеўданімам “Białoruska Duda” (“Беларуская Дуда”).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21 — Віленскі беларускі фонд).