Вітка Васіль (сапр. Крысько Цімох Васілевіч, 16.5.1911, в. Еўлічы, Слуцкі р-н Мінскай вобл. — 5.7.1996, Мінск). Паэт, перакладчык, публіцыст, празаік, літаратурны крытык, драматург, педагог. Сябра СП з 1943 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Слуцкую прафтэхшколу (1928), працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у заводскай шматтыражцы (1929—30), рэдакцыях газет “Камуніст” (Бабруйск, 1930—1933), “Ударнік” (Жлобін, 1933—1935). Пасля пераехаў у Мінск, дзе з 1935 г. працаваў у рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”. У час сталінскіх рэпрэсій, у 1937 г. быў выключаны з камсамола і выгнаны з рэдакцыі “Чырвонай змены” “за страту пільнасці і лібералізм”. Праз дзевяць месяцаў быў адноўлены на працы. Працаваў у рэдакцыях газет “Літаратура і мастацтва” (1937—1938) і часопіса “Полымя рэвалюцыі” (1938—1939), “Савецкая Беларусь” (1941), а з 1942 — у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, рэдактар масавых выданняў для акупіраваных раёнаў. Супрацоўнічаў у сатырычных часопісах “Партызанская дубінка” і “Раздавім фашысцкую гадзіну”. З дня ўтварэння часопіса “Беларусь” (студзень 1944) працаваў яго адказным сакратаром, з 1948 г. — намеснікам, з 1951 г. — галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”. У 1957—1974 гг. — галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”. У 1974—1987 гг. — член сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі “Беларусьфільм”. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1943 г. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1970). Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума — “Знак Пашаны” і медалямі. У 1991 г. узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска. У гонар пісьменніка названая Дзіцячая бібліятэка ў Мінску.
Друкавацца пачаў у 1928 г. Аўтар зборнікаў паэзіі “Гартаванне” (Масква, 1944), “Поўдзень” (Мінск, 1946; па-руску: Кишинев, 1984), “Вернасць” (Мінск, 1953), “Ружа і штык” (Мінск, 1958; па-руску: Минск, 1992), “Паверка” (Мінск, 1961), “Вершы” (Мінск, 1968), “Беларуская калыханка” (Мінск, 1971), “Праводзіны лета” (Мінск, 1972), “Вышыні святла” (Мінск, 1977), “Случчына” (Мінск, 1981), “Трэція пеўні” (Мінск, 1988), зборніка сатыры і гумару “Для дома, для альбома і трохі для эпохі” (Мінск, 1983). Выдаў кнігі паэзіі і вершаваных казак для дзяцей “Вавёрчына гора” (Мінск, 1948; па-руску: Москва, 1958; па-ўкраінску: Киів, 1959), “Буслінае лета” (Мінск, 1958), “Казка пра цара Зубра” (Мінск, 1960), “Дударык” (Мінск, 1964; па-руску: Мінск, 1966), “Азбука Васі Вясёлкіна” (Мінск, 1965), “Казкі” (Мінск, 1968), “Чытанка-маляванка” (Мінск, 1971), “Хто памагае сонцу” (Мінск, 1975), “Казкі” (Мінск, 1976), “Ладачкі-ладкі” (Мінск, 1977), “Мы будуем метро” (Мінск, 1979), “Мінскія балады” (Мінск, 1982), “Казкі і краскі” (Мінск, 1984), “Госці” (Мінск, 1984; па-польску: Мinsk, 1988), “Загадка пра зярнятка” (Мінск, 1984), “Дзецям” (выбраныя творы ў дзвюх кнігах, Мінск, 1986), “Свята дружбы” (Мінск, 1987), зборнік апавяданняў “Зайчык-вадалаз” (Мінск, 1962). Аўтар п’ес “Прамень будучыні” (Мінск, 1948), “Шчасце паэта” (Мінск, 1951; па-ўкраінску: Харків, 1953), кнігі дзённікаў, нарысаў і апавяданняў “Дзеці і мы” (Мінск, 1977), кніг артыкулаў “Урокі” (Мінск, 1982) і “Азбука душы” (Мінск, 1988), слоўніка народнай мовы для дзяцей “Дом, дзе жывуць словы” (Мінск, 1995). Адзін з аўтараў чытанак “Роднае слова” для 1-га (Мінск, 1969), 2-га (Мінск, 1970) і 3-га (Мінск, 1988) класаў. Выдадзеныя Выбраныя творы ў 2 тамах (Мінск, 1973) і Выбраныя творы ў 1 томе (Мінск, 2013). На беларускую мову пераклаў творы У. Маякоўскага “Добра!” (Мінск, 1940, з Р. Лыньковым), М. Салтыкова-Шчадрына “Паны Галаўлёвы” (Мінск, 1956), кнігу В. Сухамлінскага “Блакітныя жураўлі” (Мінск, 1971), асобныя творы Л. Талстога, А. Чэхава, Я. Райніса, М. Ціханава, М. Рыльскага, М. Бажана, М. Стэльмаха, а таксама творы іншых рускіх, украінскіх, латышскіх, балгарскіх і польскіх пісьменнікаў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972). У 1978 г. узнагароджаны дыпломам Міжнароднага журы па прэміях Х. К. Андэрсена (1978) з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс дацкага казачніка.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 419).