Вазнясенскі Аляксандр

Вазнясенскі Аляксандр Мікалаевіч (17.7.1888, с. Чукалы, Сімбірская губерня, цяпер Ардатаўскі раён, Мардовія — 16.1.1966, Казань). Літаратурны крытык, літаратуразнаўца.

Нарадзіўся ў настаўніцкай сям’і (бацька ў далейшым прыняў сан і стаў святаром). Закончыў Сімбірскую духоўную семінарыю. У 1909 г. паступіў на славяна-расійскае аддзяленне гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога атрымаў ступень кандыдата і быў пакінуты пры ўніверсітэце для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. З 1915 г. выкладчык, прыват-дацэнт Варшаўскага (пазней Данскога) ўніверсітэта ў Растове-на-Доне. З 1921 г. дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1928 г. прафесар БДУ. У 1929—1931 гг. зведаў рэпрэсіі з боку кіраўніцтва ўніверсітэта і быў вымушаны з’ехаць у Маскву, дзе працаваў метадыстам у Аддзеле прафтэхадукацыі пры Наркамаце цяжкай прамысловасці СССР, пазней — прафесарам літаратуры ў Дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі, Маскоўскім педагагічным інстытуце. У 1934 г. быў арыштаваны ў Маскве па “Справе славістаў” (справе “Расійскай нацыянальнай партыі”) і асуджаны на 5 год лагероў. Пакаранне адбываў у САЗЛАГу ва Узбекістане (рэабілітаваны ў 1964 г.). У 1939 г. пасля вызвалення пераехаў на сталае жыхарства ў Казань. З 1939 г. выкладчык казанскіх вышэйшых навучальных устаноў. З 1940 г. прафесар кафедры рускай мовы і літаратуры Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта, загадчыкам кафедры рускай і сусветнай літаратуры.

Пахаваны ў Казані.

Друкаваўся з 1913 г. Даследаваў метадалогію літаратуразнаўства, паэтыку беларускай літаратуры, гісторыю рускай літаратуры. Аўтар артыкулаў пра М.Гогаля, М.Лермантава, І.Тургенева і інш. У 1920-я гг. у часопісах “Полымя”, “Узвышша”, у “Працах БДУ” змясціў шэраг артыкулаў па тэорыі літаратуры і пытаннях развіцця беларускай літаратуры, беларускага тэатра. Абгрунтаваў думку аб ганаровым месцы беларускай літаратуры сярод іншых еўрапейскіх, высунуў тэарэтычную праблему нацыянальнай спецыфікі літаратуразнаўства. Аўтар навуковых прац “Паэтыка М. Багдановіча” (Коўна, 1926), “Асноўныя прынцыпы пабудовы беларускай навукі аб літаратуры” (Мінск, 1927), “Паэмы Янкі Купалы: (сюжэтная пабудова і стыль)” (Мінск, 1927), “Сучасны беларускі тэатр (21―26 год)” (Мінск, 1927), “Другі Беларускі дзяржаўны тэатр (Гомель, 1929)”. Доктарская дысертацыя “Исследования по истории новой белорусской литературы” (ч. 1-3) не апублікавана, зберагаецца ў бібліятэцы Казанскага ўніверсітэта, а таксама ў рукапісным аддзеле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.