Васілеўская Галіна Ануфрыеўна (15.1.1927, г. Клічаў, Магілёўская вобл. — 6.10.2017, Мінск). Празаік. Сябра СП з 1970 г.
З 1932 г. жыла ў Мінску. У 1945 г. здала экстэрнам экзамены за дзесяцігодку. Закончыла аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1950). Працавала радыёжурналістам, літсупрацоўнікам часопіса “Сельская гаспадарка Беларусі”. У 1959—1977 гг. рэдактар аддзела часопіса “Работніца і сялянка”. З 1977 г. рэдактар аддзела нарыса, з 1979 г. адказны сакратар часопіса “Полымя”. У 1982—1988 гг. дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1970 г.
Пахаваная на Паўночных могілках Мінска.
Літаратурнай працай пачала займацца ў 1953 г. Пісала нарысы, артыкулы. У 1959 г. апублікавала першае апавяданне. Аўтарка аповесцей для дзяцей і юнацтва “Маланка ўначы” (Мінск, 1963; па-руску, Минск, 1965), “Малюнак на снезе” (Мінск, 1969; па-руску, Москва, 1971), “Я еду на вярблюдзе” (Мінск, 1970; па-руску, Минск, 1974), “Две дороги” (Минск, 1977), “Бывай, Грушаўка” (Мінск, 1979; па-руску, Москва,), “Юныя назаўсёды” (Мінск, 1983), “Крылы, або Адзін год з жыцця Віталя Пятроўскага” (Мінск, 1987), “Што помніцца” (Мінск, 1991), “Іх было чацьвёра” (Мінск, 2013). У 1986 г. у Мінску выйшла “Выбранае”.