Варлыга Адам (сапр. Гладкі Язэп Адамавіч, 4.10.1890, в. Міхалкавічы, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — 28.07.1972, Нью-Ёрк, ЗША). Этнограф, мовазнаўца, меруарыст, грамадскі дзеяч, педагог, выдавец.
У 1912 г. быў мабілізаваны ў царскае войска. Па заканчэнні фельчарскай школы браў удзел у ваенных дзеяннях часоў Першай сусветнай вайны. Кавалер трох Георгіеўскіх крыжоў. Браў удзел у Першым з’ездзе беларускіх вайскоўцаў і Першым Усебеларускім з’ездзе 1917 г. Ад 1921 г. актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі беларускага школьніцтва на Лагойшчыне, дзе настаўнічаў да 1930 г., калі быў звольнены з працы. Каб пазбегнуць рэпрэсій, перабраўся ў Менск, дзе ў 1936 г. закончыў Вышэйшы педагагічны інстытут і працаваў у Інстытуце школьнай педагогікі пры Наркамаце асветы БССР. У 1941 г. вярнуўся настаўнічаць у родную вёску, аднак, у 1943 г., ратуючыся ад партызанаў, зноў прыехаў у Менск, дзе працаваў у выдавецтве школьных падручнікаў. Ад 1944 г. — у Германіі. У лагерах DP настаўнічаў ды займаўся выданнем падручнікаў (каля 10 кніг), для чаго на ўласныя грошы заклаў выдавецтва “Заранка”. Пазней перабраўся ў ЗША, дзе працягваў публікацыйную дзейнасць, аднавіўшы выдавецтва “Заранка”. У 1950-х гг. выкладаў беларускую мову на беларусаведных курсах у Нью-Ёрку. Быў сябрам Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк).
Пахаваны ў Іст-Брансвіку (Нью-Джэрсі) на могілках парафіі Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ.
Аўтар прац “Прыказкі Лагойшчыны” (Нью-Ёрк—Мюнхен, 1966), “Краёвы слоўнік Лагойшчыны” (Нью-Ёрк, 1970), успамінаў “Чутае — бачанае — перажытае” (Запісы БІНіМ. № 40. 2018).