Варава Уладзімір Аляксеевіч (26.7.1896, в. Вялікія Жухавічы, цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 4.5.1929, Мінск). Празаік, фельетаніст.
У 1920 г. працаваў у Жухавіцкім валасным рэўкаме, пасля — у Народным камісарыяце земляробства БССР. Адначасова вучыўся ў Менскім політэхнікуме. З 1921 г. жыў у Заходняй Беларусі, удзельнічаў у нацыянальным руху. Арыштоўваўся польскімі ўладамі. У 1925 г. рэдагаваў газету Беларускай сялянска-работніцкай грамады “Жыццё беларуса”. Неўзабаве нелегальна перайшоў у БССР. Працаваў намеснікам рэдактара акруговай газеты “Вясковы будаўнік” (Слуцк). З 1926 г. — у Менскім акруговым зямельным аддзеле. Уваходзіў у аб’яднанне “Літаратурна-мастацкая камуна”, удзельнічаў у выданні яе часопіса “Росквіт” (1927—1928).
Пахаваны на Вайсковых могілках. Пахаванне страчанае (?)
Пісаў апавяданні, артыкулы, фельетоны. Публікаваўся ў заходнебеларускім і БССРаўскім перыядычным друку.