Варабей Ірына Пятроўна (нар. 15.10.1959, Мінск). Празаік, публіцыст, перакладчык, мастачка. Уваходзіла з сябры СБП з 2008 г.
Закончыла аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэт (1981). У 1980—1994 гг. працавала трэнерам па веславанню на байдарках СДЮШАР таварыства “Спартак”. З 1999 г. жыве ў горадзе Таронта (Канада). З 2001 г. сябра Згуртавання Беларусаў Канады. У 2002—2009 гг. была афіцыйным прадстаўніком ЗБК у грамадскай арганізацыі “Канадыйцы за Музей генацыду” (Canadians for a Genocide Museum). З 2002 г. сябра Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Канада), да 2017 г. была яго сакратаром. У 2002—2004 гг. была рэдактарам таронтаўскай газеты “Беларускае слова”. Займаецца вышыўкай. З 2005 г. сябра Embroiderer’s Association of Canada (Таварыства вышывальніц Канады) і Toronto Guild of Stitchery (Таронтаўская гільдыя вышывання). У 2008 г. заснавала мастацка-дызайнерскую кампанію “Spirit of Belarus” па стварэнні схем для ручной мастацкай вышыўкі. Удзельнічае ў выставах.
Піша эсэ, прыпавесці. Друкуецца на старонках часопіса “Дзеяслоў”, альманаха “Беларус” і інш. Аўтарка кнігі “Там, дзе сэрца маё” (Мінск, 2005). Пераклала на беларускую англамоўны раман Кастуся Акулы “Заўтра ёсць учора” (Мінск, 2008). Перакладае творы канадскіх індзейцаў, у тым ліку кнігу Паўлін Джонсан-Тэкеянўакей “Легенды Ванкувера” (Таронта, 2017).