Вальфсон Сямён Якаўлевіч (8.6.1894, Бабруйск — 1941, Мінск). Празаік, філосаф.
Нарадзіўся ў сям’і аптэкара. Са студзеня 1905 г. вучыўся ў Бабруйскай гімназіі, якую скончыў у 1913 г. Да Першай сусветнай вайны вучыўся ў Гайдэльбергскім універсітэце, з пачаткам вайны вярнуўся ў Расію. У 1915 г. паступаў у Псіханеўралагічны інстытут у Петраградзе, у верасні 1917 г. перавёўся на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Увесну 1917 г. вярнуўся ў Бабруйск, дзе стаў гласным гарадской думы і ўзначаліў яе сацыял-дэмакратычную фракцыю. Адначасова рэдагаваў газету мясцовага камітэта РСДРП “Наша мысль”. Выкладаў у дзвюх жаночых гімназіях — Аляксееўскай і прыватнай яўрэйскай Якерсберг. У красавіку—маі 1918 г. супрацоўнічаў з газетай “Бобруйский голос”, у чэрвені 1918 г. быў адным з рэдактараў “Бобруйского дня”. 10 чэрвеня 1918 г. увайшоў у прэзідыум Бабруйскай беларускай рады. 25 снежня 1918 г. забраў дакументы з канцылярыі Маскоўскага ўніверсітэта, дзе ўвесь гэты час лічыўся студэнтам, у 1919 г. скончыў Кіеўскі ўніверсітэт. У 1921 г. запрошаны ў БДУ, прафесар, дэкан факультэта права і гаспадаркі (1925—1930), першы намеснік дэкана факультэта грамадскіх навук БДУ (з 1936). У 1929—1938 гг. сябра ЦВК БССР. Акадэмік АН БССР (з 1928), акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН БССР (з 1936). У 1931—1938 гг. дырэктар Інстытута філасофіі і права. Падчас хвалі рэпрэсій 1937—1938 гг. змог трапіць у псіхіятрычную бальніцу (1938) і перабыць там, верагодна, да 1940 г. У 1940—1941 гг. ізноў працаваў. Пасля захопу Мінска нямецкімі войскамі быў схоплены і забіты фашыстамі.
Месца пахавання невядомае.
Выступаў у друку з 1921 г. Пісаў на рускай і беларускай мовах. Даследаваў праблемы дыялектычнага і гістарычнага матэрыялізму, гісторыі філасофіі, сацыялогіі, навукі і культуры. Аўтар першага ў СССР ўніверсітэцкага падручніка па дыялектычным матэрыялізме. Шэраг работ прысвечаны стану рэлігійнага жыцця ў Беларусі, праблемам сям’і і шлюбу, крытыцы ідэалогіі фашызму і расавых тэорый. Даследаваў творчасць М. Горкага, А. Пушкіна, І. Гурскага. Аўтар кніг “Великий социалист: краткий очерк жизни Г. В. Плеханова” (Минск, 1922; па-беларуску: Менск, 1928), “Вокруг Плеханова: плехановская литература за 1922 год” (Минск, 1922), “Диалектический материализм” (Минск, 1922), “Марксизм и педагогика” (Минск, 1924), “Плеханов”, (Минск, 1924), “Интеллигенция как социально-экономическая категория” (Москва-Ленинград, 1926), “За марксізм: зборнік артыкулаў” (Менск, 1928), “Матриархат и марксистская генеономия” (Минск, 1928), “Социология брака и семьи” (Минск, 1929), “Диалектический материализм и медицина” (Минск, 1929), “Сучасная рэлігійнасць” (Менск, 1930), “Асновы дыялектычнага матэрыялізма: У адрыўках з тв.: К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна, Г.В.Плеханава і інш. ” (Менск, 1931), “Культурная рэвалюцыя ў дзеянні: нацыянальна-культурнае будаўніцтва БССР да XV-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыi ” (Менск, 1932), “Аб ленінскім этапе ваяўнічага атэізму” (Менск, 1932), “Ідэалогія загніваючага капіталізму” (Менск, 1934; па-руску: Москва-Ленинград, 1935), “Супраць расавых тэорый” (Менск, 1935), “Сям’я і шлюб у іх гістарычным развіцці” (Менск, 1937), “В матрацной могиле” (Минск, 1940).