Вайвадзіш Эдвард

Вайвадзіш Эдвард Людвігавіч (5.2.1897, в. Вайвады, цяпер Краслаўскі р-н, Латвія – 26.3.2000, в. Вайвады, цяпер Краслаўскі р-н Латвія). Паэт, педагог, дзеяч беларускага замежжа (Латвія). 

Пахаваны ў Латвіі.

З 1908 г. вучыўся ў Прыдруйскай школе, потым у Ідрыцы, Друі, з 1919 г. — у Дрысенскім чатырохкласным вучылішчы. Да эвакуацыі ў Гарадок пад Віцебскам працаваў пісарам валаснога праўлення. Разам з бежанцамі трапіў у Петраград, дзе закончыў курсы паштова-тэлеграфных работнікаў. Адначасова вучыўся на вячэрніх агульнаадукацыйных курсах Чарняева. Быў сведкам Лютаскай і Кастрычніцкай рэвалюцыі. Каля Асвеі перайшоў фронт і вярнуўся на радзіму. З 1920 г. працаваў пісарам латвійскага валаснога праўлення. У 1921 г. уключыўся ў культурна-асветную працу беларускага таварыства “Бацькаўшчына”. Закончыў агульнаасветныя чатырохгадовыя настаўніцкія курсы пры Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. У 1922—1959 гг. (з невялікімі перапынкамі) працаваў настаўнікам, кіраўніком беларускіх школ у Латгальскім краі. У 1935 г. як добраахвотны карэспандэнт Дзяржаўнага статыстычныга ўпраўлення па сельскай гаспадарцы быў узнагароджаны ордэнам за заслугі перад Латвійскай дзяржавай. У 1942 г. быў арыштаваны немцамі і скіраваны ў канцлагер на востраве Руген. Пасля вызвалення вярнуўся на радзіму. Ад 1997 г. быў сябрам СБП.

Першая публікацыя вершаў была ў 1922 г. у газеце “Голас беларуса”. У 1926 г. быў адным з аўтарам паэтычнага зборніка “Першы крок”. Пасля працяглага перапынку зноў пачаў друкавацца ў 1990 г. на старонках перыёдыкаў “Голас Радзімы”, “Настаўніцкая газета”, “Літаратура і мастацтва”, “Вожык”, “Звязда”, “Наша слова” і інш., а таксама ў латвійскіх выданнях. Аўтар зборніка “Вершы, паэма, згадкі” (Мінск, 1996).