Гваздоў Мікола Васільевіч (1.6.1916, Полацк, цяпер Віцебская вобл. — 1938?, УхтпечЛАГ?, Комі). Паэт.
Нарадзіўся ў сям‘і службоўцаў. Дзяцінства правёў у дзіцячым доме. У 1933 г. паступіў на літаратурны факультэт Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута. У 1935 г. перавёўся на завочнае аддзяленьне і паехаў працаваць настаўнікам расейскай мовы і літаратуры ў Чэрыкаў, але хутка быў звольнены. Пераехаў у Мсціслаў, потым у Мінск. Арыштаваны 13 сакавіка 1936 г. Асуджаны на 5 гадоў лягераў. Накіраваны ў Чыб‘ю (УхтпечЛАГ), дзе, верагодна, і загінуў.
Пісаць вершы пачаў у 13 гадоў, калі жыў у Віцебску. Першы верш “Рабочы-прызыўнік” апублікаваны ў 1932 г. у газеце “Віцебскі пралетар”. Друкаваўся ў газетах “ЛіМ”, “Звязда”, часопісе “Работніца і калгасніца Беларусі”.