Гурскі Ілья Данілавіч (26.4.1899 — 11.8.1972, Мінск). Празаік, драматург. Сябра СП з 1934 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1914 г. батрачыў у памешчыцкім маёнтку ля станцыі Любань, у 1916 г. стаў качагарам на Абухаўскім заводзе. Удзельнічаў у Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайне. Быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі (1924) працаваў у Галоўліце БССР, затым старшынёй Галоўрэперткома БССР, начальнікам Галоўмастацтва БССР. Адначасова вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні (закончыў у 1932). Займаўся ў аспірантуры АН БССР (1932—1935). Быў рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва” (1935—1941 гг.). У гады Вялікай Айчыннай вайны рэдактар газеты “За свабодную Беларусь” і сатырычнага лістка “Партызанская дубінка”. У 1944—1960 гг. узначальваў часопіс “Беларусь”. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, “Знак Пашаны” і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1969). Сябра СП СССР з 1934 г.
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска. Імем Ільі Гурскага названая вуліца ў Мінску.
Дэбютаваў у друку рэцэнзіямі ў 1926 г. Аўтар кніг апавяданняў “Над Нёманам” (Мінск, 1945), “На родных гонях” (Мінск, 1948), “Зары насустрач” (Мінск, 1949), “Неспакойныя характары” (Мінск, 1955), “У вялікай дарозе” (Мінск, 1958), “Родная дарога” (Мінск, 1961), аповесці “Лясныя салдаты” (Мінск, 1945), раманаў “У агні” (Мінск, 1952), “Вецер веку” (Мінск, 1966), “Чужы хлеб” (Мінск, 1971), зборніка апавяданняў для дзяцей “На берагах Нявы” (Мінск, 1968), п’ес “Новым шляхам” (Менск, 1928), “Дрыгва” (Менск, 1928), “Сварка” (Менск, 1929), “Бальшавіцкая вясна” (Менск, 1930), “Качагары” (Менск, 1932, пастаўлена ў 1931), “Новы горад” (Менск, 1933, пастаўлена ў 1931), “На крэсах усходніх” (Менск, 1933), “Маці” (Менск, 1934), “Сваты” (Менск, 1935, пастаўлена ў 1936), “На варце” (Менск, 1938), “Валодзя Вярбіцкі” (апублікаваны ўрыўкі ў 1937, пастаўлена ў 1941), “Патрыёты” (Менск, 1939), “Хлеб” (Мінск, 1949), “Свае людзі” (Мінск, 1950). Выдадзеныя зборнікі выбранага “Драматычныя творы” (Менск, 1936), “Выбраныя творы” (Мінск, 1951), кніга аповесцей і апавяданняў “Расцвілі вішні” (Мінск, 1989). Перакладаў на беларускую мову Максіма Горкага, Антона Чэхава, Марка Твэна.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 312).