Гурэвіч Эсфір Саламонаўна (22.11.1921, Татарск, цяпер Манастыршчанскі р-н Смаленскай вобл., Расія — 20.8.2015, Кліўленд, Агая, ЗША). Літаратуразнаўца. Сябра СП з 1977 г.
Закончыла літаратурны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1941). У час Вялікай Айчыннай вайны медыцынская сястра ў ваенным шпіталі Заходняга, а затым 3-га Беларускага франтоў. У 1946—1949 гг. вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. З 1950 г. навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Доктар філалагічных навук (1973). Сябра СП СССР з 1977 г. Узнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені і медалямі. З 1995 г. жыла ў Кліўлендзе (штат Агая, ЗША).
Памерла ў Кліўлендзе, штат Агая, ЗША, пахаваная там жа.
У друку выступала з 1948 г. Аўтарка манаграфій “Творчая гісторыя раманаў М.Астроўскага” (Мінск, 1957), “Беларуская дзіцячая літаратура (1917—1967)” (Мінск, 1970), “Пафас гераізму” (Мінск, 1979), “Детская литература Белоруссии” (Москва, 1982), “Янка Маўр: Нарыс жыцця і творчасці” (Мінск, 1983, 2004), “Боль и тревога наши” (Минск, 1986). Выдала кнігу ўспамінаў “Полевая почта 43177Д” (Минск, 2011). У сааўтарстве з Л.Гарэлік, Т.Грамадчанка і інш. напісала кнігу “Сучасная літаратура і чытач” (1988). Адна з аўтараў “Истории белорусской советской литературы” (1977), “Гісторьгі беларускай савецкай літаратуры” (1981—1982).