Грынчык Мікола Міхайлавіч (1.8.1923, в. Быцень, Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл. — 12.10.1999, Мінск). Крытык, літаратуразнаўца. Сябра СП з 1971 г.
З сакавіка 1943 г. агентурны разведчык партызанскага атрада “Савецкая Беларусь” Брэсцкага злучэння, з ліпеня 1944 г. у Савецкай Арміі, на фронце. Быў цяжка паранены. Пасля вайны працаваў загадчыкам Быценьскага раённага аддзела сацыяльнага забеспячэння. У 1952 г. закончыў літаратурны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. Настаўнічаў на Гродзеншчыне. Закончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1957), затым навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. З 1970 г. загадчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова ў 1973—1985 гг. галоўны рэдактар рэспубліканскага навуковага міжведамаснага зборніка “Беларуская літаратура”. З 1980 г. загадчык кафедры літаратуры Мінскага інстытута культуры. Доктар філалагічных навук. Прафесар. Сябра СП СССР з 1971 г. Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1977). Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалямі.
Памёр і пахаваны ў в. Быцень, Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл. .
Выступаў як крытык і літаратуразнавец з 1957 г. Аўтар манаграфій “Максім Багдановіч і народная паэзія” (Мінск, 1963), “Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрачніцкай паэзіі” (Мінск, 1969), “Шляхі беларускага вершаскладання” (Мінск, 1973), крытыка-біяграфічнага нарыса “Аркадзь Куляшоў” (Мінск, 1964), адзін з аўтараў “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры” (Мінск, 1966), “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры” (Мінск, 1969), “Истории белорусской дооктябрьской литературы” (Минск, 1977), падручнікаў для студэнтаў філфака педінстытутаў “Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. 1917—1940” (Мінск, 1981), “Гісторыя беларускай літаратуры. XIX — пачатак XX ст.” (Мінск, 1981) і “Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд” (Мінск, 1985).