Гронская Вольга (дзяв. Гурло, нар. 10.6.1978, г.п. Крывічы, Мядзельскі р-н Мінскай вобл.). Паэтка, перакладчыца. Уваходзіла ў сябры СБП.
Закончыла рамана-германскае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2000) і аспірантуру пры ім (2003). У 2004 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму “Хранатоп прозы Інгеборг Бахман”. Выкладала сусветную літаратуру ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, дзе курыравала таксама працу кафедральнага літаратурна-творчага аб’яднання “БУКет”. Пазней працавала на філалагічным факультэце БДУ.
Дэбютавала ў часопісе “Першацвет” у 1996 г. пад дзявочым прозвішчам. Публікавалася таксама пад псеўданімам Гурская (у часопісе “ARCHE”). Вершы друкаваліся ў часопісах “Першацвет”, “Маладосць”, газеце “ЛіМ”, зборніку “Дар зямны”, гучалі ў праекце “Чорна-белыя вершы”. У 2013 г. выйшаў паэтычны зборнік “АдВольная міфалогія”. Перакладае з нямецкай і польскай моў. Пераклады прозы і паэзіі розных аўтараў з’яўляліся ў часопісах “Крыніца”, “ARCHE”, “Фрагмэнты”, у інтэрнэт-часопісе перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”. У 2012 г. удзельнічала ў дзейнасці нямецка-беларускай перакладчыцкай майстэрні. Двойчы перамагала на “Фестывалі аднаго верша” (2011 і 2012 гг.). Лаўрэат прэміі “Залаты апостраф” (2019), прэміі імя Карласа Шэрмана (2021).




![Шапран выдаў манаграфію “Быкаў. [Пра] мастацтва”](https://bellit.info/wp-content/uploads/2026/07/746003003_3461470060687041_6784350007652796489_n-90x60.jpg)
