Грачанікаў Анатоль

Грачанікаў Анатоль Сямёнавіч (8.9.1938, в. Шарпілаўка, Гомельскі р-н Гомельскай вобл. — 7.3.1991, Мінск). Паэт. Сябра СП з 1965 г. 

Нарадзіўся ў сям’і служачага. Закончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту (1960). У 1960—1962 гг. працаваў на Гомельскім рамонтна-механічным заводзе, у 1962—1965 гг. — намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гомельскага абкама камсамола, у 1965—1967 гг. — першым сакратаром Гомельскага гаркама камсамола. Закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1969). У 1969—1971 гг. загадчык аддзела літаратуры газеты “Літаратура і мастацтва”, у 1971—1976 гг. намеснік старшыні праўлення СП БССР. З 1976 г. галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”, з 1978 г. — часопіса “Бярозка”, з 1982 г. — часопіса “Маладосць”. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР (з 1965).

Загінуў пры нявысветленых абставінах у 1991 г. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Дэбютаваў у друку ў 1957 г. Пісаў на беларускай і рускай мовах. Аўтар зборнікаў паэзіі “Магістраль” (Мінск, 1964), “Круглая плошча” (Мінск, 1971), “Грыбная пара” (Мінск, 1973), “Начная змена” (Мінск, 1975), “Звезды и курганы” (Москва, 1976), “Дрэва на выспе” (Мінск, 1977), “Калі далёка ты…” (выбраная лірыка; Мінск, 1979), “Палессе” (Мінск, 1983), “Верасень” (Мінск, 1984), “Я вас люблю” (Мінск, 1986), “Жить по-людски” (Москва, 1989), “Жнівень-45” (Мінск, 1990), кніжкі сатыры і гумару “Школа танцаў” (Мінск, 1988), кніг вершаў і казак для дзяцей “Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара” (Мінск, 1980), “Валерка і лятаючая талерка” (Мінск, 1983), “Жывая вада” (Мінск, 1985), “Зорны палёт” (Мінск, 1988). Выдадзены зборнік “Выбранае” (Мінск, 1988). Пераклаў на беларускую мову зборнік паэзіі Зульфіі “Такое сэрца ў мяне” (з Э.Агняцвет, Мінск, 1985), кнігі вершаў для дзяцей сучасных афганскіх паэтаў “Ватан — значыць Радзіма” (Мінск, 1987), М.Пацхішвілі “Рагатун і рагатуха” (Мінск, 1989), а таксама асобныя творы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, літоўскіх і іншых паэтаў. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974), прэміі на Усесаюзным літаратурным конкурсе імя М. Астроўскага (1978), Дзяржаўнай прэміі БССР (1984).