Гмырак Лявон (сапр. Бабровіч Мечыслаў) (18.4.1891, фальв. Пархвенава, цяпер Докшыцкі р-н Віцебскай вобл. — 13.7.1915, Літва). Празаік, крытык, публіцыст.
Вучыўся ў 1-й Віленскай гімназіі, якую закончыў у 1908 г. Пасля адвучыўся ў прыватнай тэхнічна-прамысловай школе ў Варшаве (1912). Працаваў у Вільні, фальварках Віленскай губерні. У 1914 г. прызваны ў армію. Загінуў на фронце Першай сусветнай вайны паблізу Каўнаса, Літва.
Месца пахавання невядомае.
Друкавацца пачаў з 1913 г. у газеце “Наша Ніва”, з якой супрацоўнічаў і пазней: друкаваў там апавяданні, фельетоны, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы. Аўтар апавядання “Васілёва вяселле” (1913), нарыса па гісторыі нацыянальна-культурнага руху “Беларускае нацыянальнае адраджэнне” (1914), артыкулаў па гісторыі беларускай культуры, актуальных праблемах сацыяльна-палітычнага жыцця, артыкула “Тарас Шаўчэнка” (1914) і інш. Выдадзены зборнік “Творы: Проза. Крытыка. Публіцыстыка” (Мінск, 1992).