Глебка Пятро Фёдаравіч (псеўд. Язэп Касіла, Асот; 6.7.1905, в. Вялікая Уса, цяпер Уздзенскі р-н Мінскай вобл. — 18.12.1969, Мінск). Паэт, навукоўца. Сябра СП з 1934 г.
Пасля заканчэння Уздзенскай сямігодкі (1923) працаваў сакратаром сельсавета. У 1924 г. паступіў у Менскі педагагічны тэхнікум, з якога ў 1927 г. перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова быў сакратаром рэдакцыі часопіса “Узвышша” (1928—1930). Пасля заканчэння ўніверсітэта (1930) працаваў у рэдакцыях газеты “Калгаснік Беларусі”, часопіса “Полымя рэвалюцыі”, кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры СП БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны — у рэдакцыях франтавых газет “За Савецкую Беларусь”, “За свабодную Беларусь”. Пад псеўданімам Язэп Касіла друкаваў сатырычныя творы ў газеце-плакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну” і ў “Партызанскай дубінцы”. У 1943—1945 гг. рэдактар выдавецтва ЦК КП(б)Б “Савецкая Беларусь”, галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве. З 1945 г. працаваў у Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі навук Беларускай ССР, узначальваў групу па складанні “Руска-беларускага слоўніка” (1953), у 1952—1956 гг. загадваў сектарам лексікаграфіі ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1956—1957 гг. дырэктар Інстытута мовазнаўства, у 1957—1969 гг. дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Адначасова ў 1966—1969 гг. акадэмік-сакратар аддзялення грамадскіх навук АН БССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1955—1967). Як сябра дэлегацыі Беларускай ССР неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН (1955, 1956, 1957, 1964). Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, “Знак Пашаны” і медалямі. Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска. Імем П. Глебкі названа вуліца ў Мінску. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі створаны мемарыяльны кабінет Пятра Глебкі.
Дэбютаваў у друку з вершамі ў 1925 г. Аўтар кніг вершаў і паэм “Шыпшына” (Менск, 1927), “Урачыстыя дні” (Менск, 1930), “Арка над акіянам” (Менск, 1932), “Арлянка” (Менск, 1932), “Хада падзей” (Менск, 1932), “Чатыры вятры” (Менск, 1935), “Мужнасць” (Менск, 1938), “Пад небам бацькаўшчыны” (Мінск, 1947; па-руску: Москва, 1950), “Нашай славы зара” (Мінск, 1947), “Размова аб шчасці” (Мінск, 1948), “У тыя дні” (Мінск, 1957), “Вершы” (Мінск, 1975), “На спатканні гадоў” (Мінск, 1990), зборнікаў паэзіі для дзяцей “Пад сцягам перамог” (Мінск, 1952; па-руску: Москва, 1952), “Прывітанне Радзіме” (Мінск, 1961), “Вобразы роднай краіны” (Мінск, 1964), “Наш сцяг” (Мінск, 1972), “Наш лес” (Мінск, 1973), “Шчаслівы май” (Мінск, 1985), драматычнай паэмы “Над Бярозай-ракой” (1940, пастаўлена ў 1940), лібрэта оперы “Андрэй Касценя” (пазнейшая назва “Лясное водгулле”, 1971, пастаўлена ў 1970), вершаванай драмы “Святло з Усходу” (1957, пастаўлена ў 1957), кнігі нарысаў “Ураджай” (з П.Броўкам; Менск, 1933), зборнікаў артыкулаў “Паэзія барацьбы і перамогі” (Мінск, 1973) і “Пытанні гісторыі, філалогіі і мастацтва” (Мінск, 1975), многіх навуковых прац у галіне беларускай лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Ініцыятар і заснавальнік выдання ў АН БССР шматтомнага Збору беларускага фальклору (выходзіць з 1970, налічвае каля 50 тамоў). Выдадзеныя “Выбраныя творы” (Мінск, 1952), Зборы твораў у 2-х (Мінск, 1958), у 3-х (Мінск, 1969—1971), у 4 тамах (Мінск, 1984—1986), выбраныя творы (1952). Перакладаў на беларускую, мову творы А, Пушкіна (“Барыс Гадуноў”, вершы), М.Лермантава, М.Някрасава, А.Чэхава, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, С.Стандэ, М.Горкага, У.Маякоўскага, А.Пракоф’ева, А.Суркова, М.Галоднага, Б.Лаўрынёва, Т.Шаўчэнкі, М.Рыльскага, М.Бажана, П.Варанько, І.Харыка, А.Платнера і інш.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (фонд 24), нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.