Гаўрусёў Сцяпан Захаравіч (10.5.1931, в. Нова-Аляксандраўка, цяпер Дрыбінскі р-н Магілёўскай вобл. — 12.3.1988, Мінск). Паэт, перакладчык. Сябра СП з 1955 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Закончыў Магілёўскае педагагічнае вучылішча (1951). Служыў у Савецкай Арміі. У 1954—1957 гг. быў супрацоўнікам рэспубліканскай газеты “Звязда”, у 1964—1965 гг. — рэдактарам выдавецтва “Беларусь”. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А. Куляшова (1987) за кнігу вершаў “Пладаноснасць”. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1955 г.
Пахаваны на Чыжоўскіх могілках Мінска.
Дэбютаваў вершамі ў 1948 г. Аўтар зборнікаў паэзіі “Паходныя кастры” (Мінск, 1955), “На грэбнях хваль” (Мінск, 1959), “Шчодрасць” (Мінск, 1962), “Ураган” (Мінск, 1966), “Профіль веку” (Мінск, 1969), “Кляновыя лісты” (Мінск, 1971), “Пераклічка” (Мінск, 1973), “Клопат” (Мінск, 1976), “Водсветы” (Мінск, 1978), “Азарэнне” (Мінск, 1980), “Крона” (выбранае; Мінск, 1981), “Пладаноснасць” (Мінск, 1986), “Званы нябёс” (Мінск, 1988). Выступаў у друку з рэцэнзіямі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі. Пераклаў на беларускую мову шэраг твораў А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, М. Святлова, А. Пракоф’ева, М. Дудзіна (руск.)бел., С. Нараўчатава, Я. Райніса, Гафура Гуляма, Міртэміра, Я. Судрабкална, І. Харыка, паэму “Ануш” А. Туманяна, “Маабіцкі сшытак” М. Джаліля (з А. Пысіным; Мінск, 1975), асобныя вершы таджыкскіх, узбекскіх, азербайджанскіх і башкірскіх паэтаў. Выдадзены Збор твораў у 2-х тамах (Мінск, 1993—1994).