Гарэцкі Максім Іванавіч (псеўд. Максім Беларус, М. Б. Беларус, М. Г., А. Мсціслаўскі, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізэрыус Монус, Кузьма Батура, Лявон Задума; 18.2.1893, в. Малая Багацькаўка, цяпер Мсціслаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 10.2.1938, Вязьма, Смаленская вобл., Расія). Празаік, крытык, навукоўца.
Нарадзіўся ў малазямельнай сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Горы-Горацкай каморніцка-агранамічнай вучэльні (1913) працаваў на Віленшчыне. Летам 1914 г. прызваны ў царскую армію. У час Першай сусветнай вайны трапіў на фронт, удзельнічаў у баявых аперацыях ва Усходняй Прусіі. Узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-й ступені. Быў цяжка паранены. У 1916 г. закончыў Паўлаўскую ваенную вучэльню (Петраград). Калі знаходзіўся на пазіцыях у раёне пінскіх балот (1917), захварэў. Камісаваны з войска па стане здароўя. З кастрычніка 1917 г. жыў у Смаленску. Займаў пасаду каменданта жыллёвага аддзела, з’яўляўся супрацоўнікам газет “Известия Смоленского Совета…”, “Западная коммуна”, “Звезда”. У пачатку 1919 г. з рэдакцыяй “Звезды” пераехаў у Менск, адтуль — у Вільню. Пры раптоўным захопе Вільні польскім войскам (21 красавіка 1919 г.) апынуўся на акупаванай тэрыторыі. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Віленскай беларускай гімназіі, таксама выкладчык Беларускіх настаўніцкіх курсаў і Вышэйшых літоўскіх педагагічных курсаў. Супрацоўнічаў з газетай “Беларускія ведамасці”, “Беларускі звон”. Рэдактар і выдавец газеты “Наша думка” (снежань 1920 — ліпень 1921), “Беларускія ведамасці” (з верасня 1921 г.). З’яўляўся сябрам Таварыства беларускай школы, Беларускага навуковага таварыства, Беларускага выдавецкага таварыства. У 1919 г. увайшоў у склад прэзідыума Народнай рады БНР. У студзені 1922 г. арыштаваны польскімі ўладамі і пасаджаны ў адзіночную камеру Лукішскай турмы. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. У кастрычніку 1923 г. пераехаў у Менск. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Камуністычным універсітэце БССР, чытаў лекцыі на рабфаку БДУ, узначальваў мовазнаўчую і літаратуразнаўчую секцыі Інбелкульта, з’яўляўся яго правадзейным членам. У 1926—1928 гг. загадваў кафедрай беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі (Магілеўская вобл.). Пасля вяртання ў Менск (1928) прызначаны вучоным спецыялістам Інстытута навуковай мовы Інбелкульта. У ліпені 1930 г. арыштаваны органамі АДПУ і пасаджаны ў менскую турму. У 1931 г. асуджаны да пяцігадовай высылкі ў Вятку. Працаваў рабочым на будоўлі лазні, чарцёжнікам на фабрыцы вучэбных дапаможнікаў, тэхнікам-каштарыснікам. З верасня 1935 г. выкладаў расейскую мову і літаратуру ў сярэдняй школе ў Пясочні. У лістападзе 1937 г. паўторна арыштаваны. Расстраляны органамі НКУС у турме г. Вязьма, РФ.
Месца пахавання невядомае. Імем Максіма Гарэцкага названыя вуліцы ў Мінску, Мсціславе і Горках, бібліятэка ў Горках. У Мінску і Вязьме пастаўлены помнікі. У роднай вёсцы адкрыты Літаратурны музей Максіма Гарэцкага.
Дэбютаваў у друку апавяданнем “У лазні”, надрукаваным у 1913 г. у газеце “Наша Ніва” за подпісам Максім Беларус. Аўтар зборнікаў апавяданняў “Рунь” (Вільня, 1914), “Досвіткі” (Менск, 1926), аповесцей “Дзве душы” (Вільня, 1919; па-нямецку: Berlin, 2014), “У чым яго крыўда?” (Менск, 1926), “Ціхія песні” (Менск, 1926; пазней выдадзена пад назвай “Ціхая плынь”, Менск, 1930 г.), рамана “Віленскія камунары” (Мінск, 1965; па-літоўску: Vilnius, 1965), дакументальна-мастацкіх запісак “На імперыялістычнай вайне” (Менск, 1926). Пасля смерці пісьменніка ўпершыню апублікаваны незавершаныя творы “Камароўская хроніка” (Мінск, 1997) і “Скарбы жыцця” (“Полымя”, 1993). Аўтар п’ес “Атрута” (1913), “Гапон і Любачка” (1914), “Антон” (1914; Вільня, 1919), “Салдат і яго жонка”, “Свецкі чалавек”, “Каменацёс”, “Чырвоныя ружы”, “Не адной веры”, “Жалобная камедыя” (усе — 1922), “Жартаўлівы Пісарэвіч” (1925; Менск, 1928), літаратуразнаўчых кніг “Гісторыя беларускае літаратуры” (Вільня, 1920), “Маладняк” за пяць гадоў. 1923-1928” (Менск, 1928), укладальнік “Хрэстаматыі беларускай літаратуры. XІ век – 1905 г.” (Вільня, 1922), слоўнікаў “Руска-беларускі слоўнік” (з Г. Гарэцкім, Смаленск, 1918), “Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік” (Вільня, 1919), “Практычны расійска-беларускі слоўнік” (з М.Байковым, Менск, 1924), а таксама зборніка “Народныя песні з мелодыямі” (з А. Ягоравым, Менск, 1928). Пераклаў на беларускую мову “Слова аб палку Ігаравым” (1921-1922), творы М.Горкага “Зброднік”, “Канавалаў”, “Чалкаш”, А.Фадзеева “Разгром”, Ю.Лебядзінскага “Камісары”, “Тыдзень” (усе — 1930) і інш. Выдадзеныя Зборы твораў М.Гарэцкага ў ў 2-х тамах (Мінск, 1973) і ў 4-х тамах (Мінск, 1984-1986), зборнікі “Выбранае (Мінск, 1960), “Выбраныя творы” (Нью-Ёрк, 1975), “Творы” (Мінск, 1990), “Творы” (Мінск, 1995), “Выбраныя творы” (Мінск, 2009), “Творы” (Мінск, 2016).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 426).