Гарановіч Віталь Рыгоравіч (7.1.1952, в. Ермакі, Маладзечанскі р-н Мінскай вобл. — 17.4.2012, Глыбокае, Віцебская вобл.). Паэт, педагог.
Пасля службы ў Савецкай Арміі (1970—1972) працаваў у выдавецтве “Вышэйшая школа”, пазней на паліграфічнай фабрыцы “Чырвоная зорка” ў Мінску. Закончыў філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1977). Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Задарожскай васьмігадовай школы, у 1979—1983 гг. — дырэктарам Кіраўскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна. У 1983—2004 гг. дырэктар СШ № 3 г. Глыбокае. З 2004 г. старшыня Глыбоцкага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Сябра Таварыства беларускай мовы і Таварыства беларускай школы.
Пахаваны ў г. Глыбокае.
Пісаў вершы ад школьных гадоў, публікаваўся ў часопісе “Бярозка”, раённай газеце “Святло камунізму”. У гады службы ў арміі супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты “Слава Родины” Прыкарпацкай ваеннай акругі. Студэнтам друкаваўся ў інстытуцкай газеце “Савецкі настаўнік”, пазней ў часопісе “Маладосць”, газеце “Літаратура і мастацтва” і інш. Аўтар паэтычных зборнікаў “Беразвечча (Мінск, 1997), “Святло блакіту” (Мінск 2002), “саракі” (Мінск, 2007), “Нараджэнне вады” (Мінск, 2011), зборніка песень “Глыбоцкі вальс” (Мінск, 2003). У 2015 г. у Мінску выйшаў зборнік твораў “Пагавары са мной”, складзены жонкай пасля смерці аўтара.