Гапеева Вольга (нар. 1982, Мінск). Паэтка, празаік, перакладчыца. Уваходзіла ў сябры СБП.
Закончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт (2004), магістратуру ў галіне гендэрных даследаванняў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні (2007). Кандыдат філалагічных навук (2012). Удзельніца шматлікіх міжнародных канферэнцый і літаратурных фестываляў (Славенія, Нямеччына, Чэхыя, Літва, Швейцарыя, Польшча і інш.). Сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра.
Друкуецца з 1999 г. у перыёдыцы і анталогіях. Піша паэзію, прозу, драматургію. Займаецца літаратурным перакладам з англійскай, нямецкай, кітайскай, японскай, латышскай, вывучае гендэрную праблематыку ў культуры і літаратуры, займаецца даследаваннямі ў галіне кампаратыўнай лінгвістыкі, філасофіі мовы і сацыялогіі цела. Аўтарка зборніка “Рэканструкцыя неба” (Мінск, 2003), кніг паэзіі “Няголены ранак” (Мінск, 2008), “Метад муаравых крэсак” (Мінск, 2012), “Прысак і пожня” (Мінск, 2013), “Граматыка снегу” (Мінск, 2017), “Чорныя макі” (Мінск, 2019), “Словы, якія са мною адбыліся” (Мінск, 2020), “Mutantengarten” (Ottensheim/Donau—Graz, 2020$ па-ангельску: Todmorden, 2021), “Парадокс “Немаўля”” (Мінск, 2022), прозы “(В)ядомыя гісторыі” (Вільнюс, 2016), раманаў “Кэмэл-Трэвэл” (Мінск, 2019; па-нямецку, Wien—Graz, 2021), “Самота, якая жыла ў пакоі насупраць” (Мінск, 2019), кніг для дзяцей “Сумны суп” (Мінск, 2014), “Дзве авечкі” (Мінск, 2017), “Адна шкарпэтка” (Мінск, 2020), паэтычнага календара “Там, дзе нараджаецца снег” (Мінск, 2020), а таксама мовазнаўчых прац “Семантыка ірэальнасці: волевыяўленне ў беларускай і англійскай мовах” (Мінск, 2019), “Кантрастыўны семны слоўнік аптатыўнай лексікі беларускай і англійскай моў” (Мінск, 2019). Лаўрэатка прэміі часопіса “Дзеяслоў” “Залаты апостраф” (2010), прэміі імя Янкі Маўра (2013). прэміі “Кніга года” ў намінацыі “Дзіцячая літаратура” (2015), прэміі Цёткі (2021).