Галаскок Аляксей

Галаскок Аляксей Пятровіч (нар. 6.6.1949, в. Талалайкі, Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.). Пісьменнік. Уваходзіў у сябры СБП.

Закончыў Рыжскае вышэйшае камандна-інжынернае вучылішча імя С.С.Бірузова (1971). Служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння ў Новасібірскай вобласці Расіі. У апошнія гады службы камандаваў ракетным дывізіёнам. У 1988—1991 гг. выкладаў ваенныя дысцыпліны ў Рыжскім вышэйшым ваенна-палітычным вучылішчы, якое ў 1992 г. было расфарміравана. Звольніўся ў запас у званні падпалкоўніка і разам з сям’ёй пераехаў у Ганцавічы Брэсцкай вобласці, на радзіму жонкі. Працаваў на розных прадпрыемствах і ва ўстановах райцэнтра, вёў гурток юных паэтаў у раённым цэнтры дзіцяча-юнацкай творчасці. Рэдагаваў літаратурную старонку ганцавіцкай раённай газеты “Савецкае Палессе”. Быў сябрам СБП ад 2007 г.

Пачаў пісаць вершы з 14 гадоў. Пісаў па-руску і па-беларуску. Друкаваўся ў армейскіх газетах, пазней у беларускіх рэгіянальных і рэспубліканскіх перыёдыках, альманаху “Жырандоля” і інш. Аўтар паэтычных зборнікаў “У жыцці для мяне ўсё не проста” (Ганцавічы, 2003), “Не шкадуюць мяне мае вершы” (Брэст, 2005),”Я шчаслівы…” (Ганцавічы, 2007), “Беларусь мая родная, мілая…” (Брэст, 2010), “Суд над сарокай” (Брэст, 2010), “З вясёлай торбы” (Мінск, 2017), “Гаманлівы ручаёк” (Мінск, 2017), “Асенняя бліскавіца” (Мінск, 2017).