Егарэнкава Галіна Іванаўна (13.5.1942, Ніжні Ноўгарад, Расія — 9.2.1989, Ніжні Ноўгарад, Расія). Крытык, літаратуразнаўца. Сябра СП з 1979 г.
Нарадзілася ў сям’і рабочага ў горадзе Горкі. У 1965 г. закончыла філалагічны факультэт Горкаўскага дзяржаўнага ўнівэрсітэта. Выкладала рускую мову і літаратуру ў школах Горкага (1965—1967). Закончыла аспірантуру пры Літаратурным інстытуце ў Маскве. З 1972 г. асістэнт, з 1978 г. дацэнт кафедры рускай і зарубежнай літаратур Мінскага педагагічнага інстытута. Па сумяшчальніцтве выкладала рускую літаратуру ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1972—1978). З 1980 г. жыла ў Горкім і працавала дацэнтам кафедры літаратуры Педагагічнага інстытута ў Горкім. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1979 г.
Пахаваная на Румянцаўскіх (Ольгінскіх) могілках Ніжняга Ноўгарада, РФ.
Дэбютавала ў 1964 г., выступала з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і літаратуразнаўчымі працамі, прысвечанымі творчасці А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, М.Гогаля, М.Лермантава, І.Шамякіна, А.Адамовіча, Г.Далідовіча, В.Казько, І.Пташнікава, І.Чыгрынава і інш. Аўтарка кніг “Духовная жажда” (Горки, 1983), “Земная основа” (Горки, 1987). Выдадзены зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў аб беларускай прозе 1970-1980-х гадоў “Звено связующее” (Минск, 1990).