Дварчанін Ігнат

Дварчанін Ігнат Сымонавіч (8.6.1895, в. Погіры, цяпер Дзятлаўскі р-н Гродзенскай вобл. — 8.12.1937). Крытык, паэт, дзяржаўны дзеяч.

У 1912—1915 гг. працаваў народным настаўнікам у вёсцы Хмяльніца (Слонімскі павет). У траўні 1915 г. мабілізаваны ў армію, служыў у запасным палку ў Маскве, з восені 1916 г. на Заходнім фронце у званні падпаручніка. З чэрвеня 1917 г. у Мінску, уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, удзельнічаў працы Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады. Быў сакратаром культурна-асветнага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Маскве (сакавік 1918). Ад жніўня 1918 г. адкрыў пачатковую беларускую школу ў вёсцы Пецюкі Навагрудскага павета, вёў культурна-асветную работу. У 1919 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі і адпраўлены ў беластоцкі канцлагер, адкуль у снежні ўцёк. Ад жніўня 1920 да ліпеня 1921 гг. у Вільні, працаваў вартаўніком, пісарам у канцылярыі беларускага аддзела ў Дэпартаменце асветы, настаўнікам у мястэчку Свір (Свянцянскі павет). Чытаў лекцыі па беларусазнаўстве на настаўніцкіх курсах у Дзвінску (1921), удзельнічаў у стварэнні культурна-асветнага таварыства “Бацькаўшчына”. Закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Пражскага ўніверсітэта (1925) са ступенню доктара філасофіі. Быў старшынёй Аб’яднання прагрэсіўных беларускіх студэнтаў, сябрам Беларускай Рады, якая аб’ядноўвала беларускую эміграцыю ў Чэхаславакіі. З 1926 г. у Вільні, працаваў сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства, выкладаў беларускую літаратуру ў Віленскай беларускай гімназіі, супрацоўнічаў у часопісах “Родныя гоні”, “Маланка”, рэдагаваў беларускія газеты. У 1928 г. абраны дэпутатам польскага сойма. У 1930 г. арыштаваны польскімі ўладамі. Вызвалены 15 верасня 1932 г. у выніку абмену палітзняволенымі паміж СССР і Польшчай і пераехаў у БССР. З лістапада 1932 г. працаваў у Акадэміі навук БССР у камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі, з 7 ліпеня 1933 г. дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР. Арыштаваны ў 1933 г. па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра”, прысуджаны да вышэйшай меры пакарання, замененай на 10 гадоў пазбаўлення волі. У 1937 г. арыштаваны зноў і прысуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Белбалтлагу, РФ.

Месца пахавання невядомае. У горадзе Дзятлава ўстаноўлены помнік І. Дварчаніну, на радзіме ў в. Погіры ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Дэбютаваў у друку ў 1917 г. Вершы змяшчаліся ў газеце “Дзянніца”, часопісах “Родныя гоні”, “Маланка”, “Наш шлях”, “Маладое жыццё”, “Беларуская школа ў Латвіі” і інш. Падчас вучобы ў Пражскім універсітэце змяшчаў вершы ў студэнцкіх выданнях “Прамень”, “Студэнцкая думка”, “Перавясла”. Аўтар дысертацыі “Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве” (Прага, 1926; Мінск, 1991). У рукапісах захаваліся яго працы “Ф. Скарына ў адносінах да працоўнага народа”, “З гісторыі друкаваных выданняў аб Скарыне”, “Спроба апісання бібліяграфіі аб доктару Францішку Скарыне”. Укладальнік “Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры” (Вільня, 1927).

Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21: Віленскі беларускі фонд).