Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт Іванавіч (псеўд. Войт Навум, Навум Прыгаворка; 4.2.1808, фальварак Панюшкавічы, цяпер Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.12.1884, Люцынка, цяпер Валожынскі р-н Мінскай вобл.). Паэт, драматург.
Нарадзіўся у сям’і шляхціца-арандатара. У 1824 г. закончыў Бабруйскае павятовае вучылішча, пазней Віленскую базыльянскую бурсу. Рана асірацеў, атрымліваў падтрымку ад Станіслава Богуш-Сестранцэвіча. Існуе версія, што малады Дунін-Марцінкевіч паступіў у Санкт-Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, але пакінуў вучобу. З сярэдзіны 1820-х гг. жыў у Мінску, быў на дзяржаўнай службе: памочнікам каморніка і каморнікам межавога суда, служачым палаты крымінальнага суда, перакладчыкам у каталіцкай духоўнай кансісторыі, меў пасаду пры дваранскім сходзе. У 1840 г. набыў маёнтак Люцынка ў Пяршайскай воласці Мінскага павета (цяпер вёска Малая Люцынка ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці) і пасяліўся там, пакінуўшы дзяржаўную службу. У пачатку 1840-х гг. служыў аканомам у маёнтку Шчаўры ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні. Шмат часу праводзіў у Мінску, дзе актыўна ўдзельнічаў у грамадска-культурным і літаратурным жыцці. Арганізаваў тэатральную трупу — першы беларускі тэатр, які ладзіў спектаклі ў 1840—1850-я гг. і выступаў пераважна ў фальварку Люцынка, а таксама ў Мінску, Бабруйску, Глуску і інш. У 1852 г. дзейнасць калектыву была забаронена ўладамі, і ён паказваў спектаклі фактычна нелегальна да 1856 г. У сваіх пастаноўках таксама выступаў як актор. У 1850-я гг. жыў пераважна ў Мінску, часта бываў у Вільні, дзе сустракаўся з многімі дзеячамі культуры і навукі. У 1861 г. разам з У. Сыракомлем ездзіў у Варшаву, па дарозе ў розных населеных пунктах выступаў з патрыятычнымі прамовамі. Пісьменнік і яго сям’я мелі дачыненне да нацыянальна-вызваленчага руху, падтрымлівалі ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. У 1864 г. быў арыштаваны, больш як год прабыў у мінскім турэмным замку. На В. Дуніна-Марцінкевіча і яго сям’ю быў накладзены вялікі штраф, маёмасць часткова секвестравана (абмежавана права карыстання), яму самому прадпісвалася жыць, не выязджаючы з Люцынкі, пад наглядам паліцыі. Апошнія дзесяцігоддзі жыцця (з сярэдзіны 1860-х да сярэдзіны 1880-х гг.) жыў у Люцынцы.
Пахаваны ў Тупальшчыне, непадалёк ад Малой Люцынкі Валожынскага раёна Мінскай вобласці. На магіле пастаўлены помнік, у Люцынцы і на радзіме пісьменніка ў вёсцы Сычкава Бабруйскага раёна ўсталяваныя мемарыяльныя дошкі. Імем Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча названыя вуліцы ў Мінску, Бабруйску, Маладзечне, Смалявічах, Івянцы, Пяршаях.
Творчую дзейнасць пачаў з оперных лібрэта, як драматург дэбютаваў у 1841 г. Пісаў па-беларуску (пераважна лацінкай) і па-польску. Аўтар фарса-вадэвіля “Пінская шляхта” (1866; упершыню надрукавана ў часопісе “Вольная Беларусь”, 1918; Вільня, 1923), камедыі “Залёты” (1870; упершыню надрукавана ў часопісе “Вольная Беларусь”, 1918), камічнай оперы “Сялянка” (“Ідылія”; Вільня, 1846, пастаўлена ў 1852 у Мінску), вершаваных аповесцей і апавяданняў “Гапон” (Мінск, 1855), “Вечарніцы і Апантаны” (Мінск, 1855), “Купала” (Мінск, 1856), “Благаславёная сям’я” (1856), “Славяне ў XIX стагоддзі” (1856), “Шчароўскія дажынкі” (Мінск, 1857), “Люцынка, або Шведы на Літве” (Вільня, 1861), балады “Травіца брат-сястрыца” (1857; упершыню апублікавана ў часопісе “Беларусь”, 1945), цыклу “Быліцы, расказы Навума” (1857), што складаецца з верша “Навум да братоў мужыкоў” і вершаваных аповесцяў “Злая жонка” і “Халімон на каранацыі” (упершыню апублікавана ў часопісе “Полымя”, 1946), зборнікаў паэзіі “Цікавішся? Прачытай!” (Мінск, 1856), “Дудар беларускі, або Усяго патроху” (Мінск, 1857), “З-над Іслачы, або Лекі на сон” (1868; упершыню апублікавана Мінск, 1984), тэкстаў да аперэт “Спаборніцтва музыкаў”, “Чарадзейная вада”, “Рэкруцкі яўрэйскі набор” (пастаўлена ў Мінску ў 1841). Пераклаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” (Вільня, 1859, наклад знішчаны; Пецярбург, 1907). Выдадзеныя зборнікі “Выбраныя творы” (Мінск, 1940, 1957, 1981, 2001), “Творы” (Мінск, 1945, 1984), “Драматычныя творы” (Мінск, 2006), Збор твораў (Мінск, 1958), Збор твораў у 2 т. (Мінск, 2007―2008).