Дубянецкі Эдуард Станіслававіч (20.4.1966, в. Чудзін, цяпер Ганцавіцкі р-н Брэсцкай вобл. — 25.2.2020, Мінск). Паэт, крытык. Сябра СБП.
Сын філосафа, палітолага і публіцыста Станіслава Дубянецкага. Закончыў гістарычны факультэт БДУ (1988), працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам на гістарычным факультэце БДУ. У 1992—2004 гг. навуковы і старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны (Скарынаўскі цэнтр). У 2004—2015 гг. вядучы навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі беларускай культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М. Танка. Кандыдат гістарычных навук (1995). Сябра СБП ад 2012 г.
Пахаваны на Заходніх могілках Мінска.
Аўтар кніг паэзіі “Душы маёй няскончаны палёт” (Мінск, 2011), “Покліч самотнага неба” (Мінск, 2013), “Для шчасця зямнога” (на ўкраінскай і беларускай мовах; Вінніца, 2017), кніжнай серыі “Асветнікі Беларусі”: “Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына” (Мінск, 2016), “Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Іпацій Пацей” (Мінск, 2016), “Лаўрэнцій Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, Казімір Лышчынскі” (Мінск, 2017), “Казімір Нарбут, Ян Снядэцкі, Анёл Доўгірд” (Мінск, 2017), “Казімір Семяновіч, Георгій Каніскі, Марцін Пачобут-Адляніцкі” (Мінск, 2017), “Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Ігнат Дамейка” (Мінск, 2017), “Іван Фёдараў, Пётр Мсціславец, Спірыдон Собаль” (Мінск, 2018), “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэсь Каратынскі” (Мінск, 2018), навуковых прац “Перашкоды на шляху нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі” (разам з С. Ф. Дубянецкім; Мінск, 1992), “Таямніцы народнай душы” (Мінск, 1995), “Цяжкі шлях да Адраджэння” (разам з С. Ф. Дубянецкім; Брэст, 1997), “Inna Bialorus: historia — polityka — gospodarka” (Warsawa, 1999), “Хрысціянства і беларуская культура” (Мінск, 2001), зборнікаў навуковых артыкулаў “Нацыянальная мова і нацыянальная культура: аспекты ўзаемадзеяння” (Мінск, 2011), “Фалькларыстычныя даследаванні: Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі.” (Мінск, 2015), укладальнік энцыклапедычных даведнікаў “Сусветная культура: Ад старажытнасці да нашых дзён” (Мінск, 2001), “Культуралогія” (Мінск, 2003), навучальных дапаможнікаў “Гісторыя Беларусі” (у суаўт.; Мінск, 1997), “Беларусазнаўства” (у суаўт.; Мінск, 1998), слоўніка-даведніка “История Беларуси” (в соавт.; Минск, 2000), зборніка матэрыялаў канферэнцыі “Дзявятыя Танкаўскія чытанні (да 100-годдзя ўніверсітэта)” (Мінск, 2014). Напісаў і апублікаваў каля сотні вершаў у розных формах, відах і жанрах. Артыкулы, вершы, эсэ і рэцэнзіі друкаваліся ў айчынным і замежным перыядычным друку, калектыўных зборніках і выданнях.