Дракахруст Аляксандр Абрамавіч (7.11.1923, Масква, Расія — 14.11.2008, Мінск). Паэт. Сябра СП з 1961 г.
Нарадзіўся ў сям’і ваеннаслужачага. У ліпені 1941 г. прызваны ў армію. Быў салдатам інжынернага батальёна, камандзірам узвода. Удзельнічаў у баях на Паўднёва-Заходнім, Паўднёвым, 2-м Украінскім, 1-м Беларускім франтах, у штурме Берліна. Закончыў Маскоўскую ваенна-інжынерную вучэльню (1945) і завочна факультэт мовы і літаратуры Хабараўскага педагагічнага інстытута (1962). З 1946 г. ваенны журналіст. У 1964—1971 гг. карэспандэнт газеты Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі “Во славу Родины”. Сябра СП СССР з 1961 г. Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.
Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.
Выступаў у друку з 1939 г. (газета “Молодая гвардия”, Адэса). Піша на рускай мове. Першы зборнік вершаў “Миру быть на земле!” выдаў у 1951 г. ва Уладзівастоку. Затым выйшлі кніжкі паэзіі “Цвет счастья” (Владивосток, 1953), “Зарницы над сопками” (Хабаровск, 1959), “Сменяет время караулы” (дадатак да часопіса “Советский воин”, Москва, 1961), “Тревожный ветер”. (1964), “Бухта Смятенья” (Минск, 1967), “И нет конца тревогам” (Минск, 1969), “Мост” (Минск, 1972), “Мои вы годы — эшелоны” (Минск, 1975), “Раздорожье” (Минск, 1979), “Притяжение” (Хабаровск, 1981), “Лицо твое” (Минск, 1982), “Сквозное ранение” (Минск, 1983), “Дальняя связь” (Минск, 1983), “Круговорот” (Минск, 1986), “Исповедь” (Минск, 1990), “Предчувствие” (Минск, 1995), “Моя планида” (Минск, 1998), “Черёд” (Минск, 2006), “Неизбывное” (Минск, 2008), кніг прозы “Белый шум” (Мінск, 1993), “Негаснущие зарева” (Мінск, 2002) і ўспамінаў “Что было, то — было” (в 2 кн., Минск, 2006—2008). Пераклаў на рускую мову шэраг вершаў і паэм М.Аўрамчыка, А.Астрэйкі, Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, С.Гаўрусёва, С.Грахоўскага, А.Грачанікава, Е.Лось і некаторых іншых беларускіх паэтаў. У 1988 г. выйшла кніга выбраных перакладаў з беларускай мовы “Журавлиная стая”.