Выйшла кніга народных казак у апрацоўцы Пацюпы

У выдавецтве Нацыянальнай Акадэміі Навук пабачыла свет кніга “Ішоў Бай па сцяне…: беларускія народныя казкі ў літаратурнай апрацоўцы Юрыя Пацюпы”, паведамляе De facto. Беларуская навука. Зборнік казак пра жывёл, птушак і чароўных істот.

Казкі для новага выдання былі падрыхтаваныя на аснове фальклёрнага матэрыялу з фондаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Літаратурная апрацоўка народных твораў паэтам і мовазнаўцам Юрасём Пацюпам робіць іх даступнымі для ўспрымання сучаснай чытацкай аўдыторыяй.

Кніга багата ілюстраваная мастачкай Маяй Пейхвасэр і налічвае 87 старонак.

Як пісаў Bellit.info, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі нядаўна запусціў партал “Беларускія народныя казкі”, на якім размешчаныя аўтэнтычныя запісы казак, якія можна не толькі чытаць, але слухаць.