Доўнар-Запольскі Мітрафан Віктаравіч (14.6.1867, Рэчыца, цяпер Гомельская вобл. — 30.9.1934, Масква, Расія). Гісторык, этнограф, публіцыст, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч.
Паходзіў з дробнай беззямельнай шляхты, сын калежскага сакратара. Вучыўся ў Рэчыцкай і Баранавіцкай народных вучэльнях, школе г. Плоўдзіва (Балгарыя), Мазырскай прагімназіі, 1-й гарадской гімназіі Кіева. Выпускнік гістарычна-філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта (1893), магістарская дысертацыя (восень 1901), доктарская дысертацыя па гісторыі (1906). У 1894—1899 гг. служыў у Маскоўскім архіве Міністэрства юстыцыі, прыват-дацэнт Маскоўскага ўніверсітэта (1899—1901), прафесар рускай гісторыі Кіеўскага ўніверсітэта (1901—1919). Арганізатар і дырэктар Вышэйшых камерцыйных курсаў у Кіеве (1906). Узначальваў Беларускую гандлёвую палату ў Кіеве (1918), быў сябрам камісіі БНР па стварэнні Беларускага ўніверсітэта ў Мінску (сакавік 1918). У траўні—кастрычніку 1918 г. удзельнічаў у працы дыпламатычнай місіі БНР у Кіеве. Супрацоўнічаў з газетамі “Беларускае слова”, “Беларускае рэха”, “Вольная Беларусь”. Прафесар Харкаўскага інстытута народнай гаспадаркі (снежань 1919 года) і Харкаўскага ўніверсітэта (1920—1921). Прарэктар Азербайджанскага ўніверсітэта і прафесар Бакінскага політэхнічнага інстытута (1922—1925). У 1925—1926 гг. прафесар беларускай гісторыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, стваральнік, супольна з Д. І. Даўгялам, Археаграфічнай камісіі Інбелкульта (1925). З восені 1926 г. працаваў у Маскве, прафесар Ціміразеўскай акадэміі (1930-я), правадзейны сябра Інстытута гісторыі АН СССР. Узнагароджаны за навуковую працу ордэнам Святога Уладзіміра 4-й ступені (1916).
Пахаваны на Данскіх могілках Масквы, РФ. У ліпені 1997 года помнік Доўнар-Запольскаму пастаўлены ў Рэчыцы, побач з будынкам мясцовага ліцэя.
Аўтар навуковых прац па гісторыі і этнаграфіі “Белорусская свадьба и свадебные песни” (Киев, 1888), “Очерки по истории Белоруссии: от начала до смерти Владимира Мономаха (1125 г.)” (Москва, 1890?), “Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII столетия” (Киев, 1891), “Мотивы свадебных песен пинчуков” (Гродно, 1893), “Белорусское Полесье: Сборник этнографических материалов” (Киев, 1895), “Из истории литовско-польской борьбы за Волынь: договоры 1366 г.” (Киев, 1896), “В. Дунин-Марцинкевич и его поэма “Тарас на Парнасе”” (Витебск, 1896), “Западнорусская сельская община в XVI веке (Санкт-Петербург, 1897), “Очерки обычного семейного права крестьян Минской губернии” (Москва, 1897), “Польско-Литовская уния на сеймах до 1569 г. ” (Москва, 1897), “Документы Московского архива министерства юстиции. Т.1” (Москва, 1897), “Акты Литовско-Русского государства” (Москва, 1897―1899), “Литовские упоминки татарским ордам” (Симферополь, 1898), “Государственное хозяйство великого княжества Литовского при Ягеллонах” (магістарская дысертацыя; Киев, 1901), “Старинные описи Литовской метрики” (Санкт-Петербург, 1901), “Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма” (Санкт-Петербург, 1901), “Из истории общественных течений в России” (сборник статей; Киев, 1905), “Очерки по организации западнорусского крестьянства в XVI веке” (доктарская дысертацыя; Киев, 1905), “Исторический процесс русского народа в русской исторической науке” (Москва, 1906), “Политический строй Древней Руси” (Москва, 1906), “Зарождение министерств в России” (Москва, 1906), “Страница из истории крепостного права в XVIII―XIX вв.” (Москва, 1906), “Церковь и духовенство в домонгольской Руси” (Москва, 1906), “Реформа общеобразовательной школы при императрице Екатерине II” (Москва, 1906), “Тайное общество декабристов” (Москва, 1906), “Мемуары декабристов” (Киев, 1906), “Политические идеалы М. М. Сперанского” (Москва, 1906), “Ідэалы дзекабрыстаў” (Масква, 1907), “Украинские староства в первой половине XVI в. (Киев, 1908), “Баркулабовская летопись” (Киев, 1908), “Очерк экономического строя Древней Руси” (Москва, 1909), “Исследования и статьи: Этнография и социология, обычное право, статистика, белорусская письменность” (Киев, 1909), “Крепостники в первой четверти XIX в.” (Москва, 1911), “История русского народного хозяйства” (Киев, 1911), “На заре крестьянской свободы” (Москва, 1911), “Торговля и промышленность московского периода” (Москва, 1912), “Обзор новейшей русской истории” (Киев, 1912), “Русский вывоз и мировой рынок” (Киев, 1914), “Задачи экономического возрождения России” (Киев, 1915), “Асновы дзяржаўнасці Беларусі” (Гродна, 1919, Вільня, 1919; па-руску: Гродна, 1919; па-нямецку: Гродна, 1919; па-французску: Гродна, 1919), “Гісторыя Беларусі” (надрукавана ў 1925 г., забаронена, выдадзена паводле няпоўнага рукапісу ў 1994 і 2005 гг.), “Нарыс сацыяльна-эканамічнай структуры Беларусі ў XVI—XVIII ст.” (Менск, 1925), “Народное хозяйство Белоруссии, 1861―1914 гг.” (Минск, 1926), “Старыя беларускія архівы за межамі БССР” (Менск, 1926), “СССР по районам. Западный район (Белорусская ССР и Западная область РСФСР)” (Москва—Ленинград, 1928). Шмат з яго прац застаюцца неапублікаванымі.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21: Віленскі беларускі фонд), Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны (фонд 262).