Першая палова 2025 году адзначылася яшчэ большай інтэнсіфікацыяй русіфікацыі ў Беларусі — як на ідэалагічным, так і на інстытуцыйным узроўнях. Падзеі ўнутры краіны і крокі, зробленыя Расеяй, сведчаць пра скаардынаваную палітыку культурна-моўнай экспансіі, скіраваную на выцясненне беларускай мовы з усіх сфераў жыцця. Гэтая тэндэнцыя набывае ўсё больш сістэмны і агрэсіўны характар.
5 чэрвеня 2025 году Уладзімір Пуцін правёў пасяджэнне Рады па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне расейскай мовы і моваў народаў Расіі, на якім сярод прыярытэтаў была абвешчана неабходнасць папулярызацыі рускай мовы за межамі РФ і захавання кірыліцы ў публічнай прасторы. Беларусь адкрыта згадваецца як зона ўплыву. І гэта не проста дэкларацыі — у краіне дзейнічаюць 27 арганізацыяў «суайчыннікаў», фінансаваных праз амбасаду РФ у Менску, а таксама чатыры «Расейскія дамы» — у Менску, Берасці, Горадні і Гомелі, якія з’яўляюцца філіяламі федэральнага агенцтва «Россотрудничество» — інструмента «мяккай сілы» Крамля, які знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ і ЗША.
Як падкрэслівае гісторык Павел Церашковіч, прысутнасць гэтых структураў робіць стан беларускай мовы і нацыянальнай ідэнтычнасці «вельмі небяспечным». У сваю чаргу, даследнік Павел Баркоўскі адзначае, што каля 40% беларусаў знаходзяцца пад устойлівым інфармацыйным уплывам расейскіх СМІ, а расейскі культурны кантэнт дамінуе на беларускім рынку.
Афіцыйная палітыка Беларусі працягвае падтрымліваць гэту экспансію. Беларуская мова па-ранейшаму маргіналізаваная ў сістэме адукацыі: менш за 10% школьнікаў вучацца па-беларуску, скарачаецца колькасць школ з беларускай мовай навучання, выціскаюцца беларускія падручнікі. З’явіліся прыклады цэнзуры ў навучальных матэрыялах: згадкі пра бітву пад Воршай выдаляюцца, а постаць Кастуся Каліноўскага дыскрэдытуецца. DW, чэрвень 2024
Змяняецца і стратэгія інфармацыйнай вайны: калі раней Расея дзейнічала праз мясцовыя эліты, то цяпер яна непасрэдна ўлівае фінансавыя і інфармацыйныя рэсурсы ў Беларусь. Паводле Аляксея Ластоўскага, такі падыход скіраваны на падрыў гістарычнай памяці і фарміраванне лаяльнасці да «русского мира», у тым ліку праз канцэпцыю «генацыду савецкага народа», якая замяняе беларускі нацыянальны наратыў.
Сфера вышэйшай адукацыі таксама адкрыта для расійскага ўплыву: у 2025 годзе Беларусь выдзеліла 1000 бюджэтных месцаў для расейскіх абітурыентаў, а таксама плануе абмен каля 50 прафесараў паміж краінамі.
На гэтым фоне працягваецца крыміналізацыя любой дзейнасці, звязанай з беларускай мовай і культурай. Шыльды на беларускай мове, беларускамоўныя выданні, адукацыйныя і прыродаахоўныя ініцыятывы абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі», а іх арганізатары падвяргаюцца пераследу. Гэта стварае беспрэцэдэнтную сітуацыю, калі нацыя становіцца мішэнню палітыкі ўласнай дзяржавы, а мова — аб’ектам вынішчэння.
Маніторынг парушэнняў моўных правоў, што праводзіцца нашай арганізацыяй, фіксуе наступствы гэтай палітыкі і імкнецца паказаць шырыню праблемы — як у сферы адукацыі і СМІ, так і ў публічнай прасторы, судах, папраўчых калоніях і палітычных працэсах. Наш аналіз — гэта не толькі спроба задакументаваць наступствы русіфікацыі, але і адказ на патрэбу беларускай супольнасці ў бачнасці, салідарнасці і супраціве.
Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» працягвае маніторынг становішча беларускай мовы ў краіне і фіксуе ўсе выпадкі дыскрымінацыі мовы і яе носьбітаў для наступнай дакументаванай ацэнкі і міжнароднай абароны.
За першае паўгоддзе 2025 году ў адкрытых крыніцах інфармацыі мы знайшлі наступныя выпадкі дыскрымінацыі.
8 студзеня 2025 году праўладная актывістка Вольга Бондарава апублікавала ў сацыяльных сетках допіс, у якім раскрытыкавала беларускамоўную адукацыю ў сельскіх школах. Паводле яе сцвярджэнняў, навучанне на беларускай мове нібыта абмяжоўвае магчымасці выпускнікоў паступаць у тэхнічныя ВНУ. У якасці аргумента яна спаслалася на патрэбу падрыхтоўкі спецыялістаў для вытворчасці тавараў падвойнага прызначэння, адзначыўшы: «Вайна на парозе, а спецыялістаў няма».
10 студзеня 2025 году Вольга Бондарава выступіла з крытыкай выкарыстання толькі беларускай мовы ў выбарчых бюлетэнях на выбарах Прэзідэнта Беларусі. Яна назвала такую практыку «дыскрымінацыяй расейскай мовы» і падала адпаведную скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію.
16 студзеня 2025 году прадпрыемства «Мінскі холадакамбінат №2», уласнік сеткі крамаў «Радзівілаўскі», правяло рэбрэндынг і замяніла надпіс на лагатыпе з беларускай мовы на расейскую.
1 лютага 2025 году навуковец з Гомеля А. Сакалоў апублікаваў даследаванне, у якім паказаў, што вынікі перапісу насельніцтва 2019 года былі штучна скаардынаваныя ў палітычных інтарэсах. Паводле яго высноваў, улады завысілі колькасць насельніцтва і долю беларускамоўных (родная і мова зносін) — у тым ліку за кошт нацыянальных меншасцяў — каб стварыць патрэбную карціну. У рэальнасці, адзначае аўтар, беларуская мова не падтрымліваецца, няма поўнай беларускамоўнай адукацыі, знішчаюцца незалежныя выдавецтвы і культурныя праекты, а актывісты зазнаюць пераслед.
5 лютага 2025 году блогерка Capitoshka выклала відэа ў TikTok пра тое, што працоўны сшытак па беларускай мове для 2 класа (аўтар Алена Дамасевіч) надрукаваны з памылкамі і абдрукоўкамі. Міністэрства адукацыі адказала, што сшытак не мае грыфа Міністэрства і не з’яўляецца абавязковым для выкарыстання ў навучанні, але паабяцала правесці праверку і выключыць з продажу выданні з памылкамі.
13 лютага 2025 году, напярэдадні 104-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка Івана Мележа, у гарадскім парку Хойнікаў на алеі «Ганаровыя грамадзяне Хойніцкага раёна» быў усталяваны памятны знак класіку беларускай літаратуры. Надпіс на памятным знаку зроблены на рускай мове.
15 лютага 2025 году ў інтэрв’ю каналу «ЧестнОК-LIVE» настаўніца матэматыкі Таццяна Карпеневіч (выехала з Беларусі пасля даносу праўладнай актывісткі В. Бондаравай) паведаміла, што яе знаёмага беларускамоўнага калегу затрымалі падчас акцыі пратэсту і катавалі супрацоўнікі ГУБАЗіК — апускалі галавой ва ўнітаз выключна за выкарыстанне беларускай мовы.
19 лютага 2025 году, паводле інфармацыі «Нашай Нівы», на асобных маршрутах грамадскага транспарту ў Мінску абвесткі пачалі гучаць на расейскай мове замест беларускай. Напрыканцы 2024 года прарасейская актывістка Вольга Бондарава патрабавала ад «Мінсктранса» зрабіць абвесткі двухмоўнымі. Тады прадпрыемства адказала, што гэта тэхнічна немагчыма. Аднак новыя звесткі сведчаць, што патрабаванне, відавочна, часткова задаволена: расейскамоўныя абвесткі ўведзены.
21 лютага 2025 году Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў матэрыял, прысвечаны Дню роднай мовы, у якім зафіксаваны выпадкі пакарання палітвязняў за выкарыстанне беларускай мовы. Паведамляецца, што ў Магілёўскай калоніі №15 журналіста і даследчыка Дзяніса Івашына (асуджанага да 13 гадоў і 1 месяца пазбаўлення волі, прызнанага палітвязнем 24.03.2021) неаднаразова каралі за размовы па-беларуску. Спачатку яго змясцілі ў ШІЗА, пасля — у ПКТ, а затым перавялі ў турму №1 у Гродне.
Падобныя выпадкі фіксаваліся і ў дачыненні да Вольгі Маёравай (прысуджана да 21 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі, прызнана палітвязнёўкай 29.04.2021), якая адбывае пакаранне ў ПК №24 у Зарэччы. Пра сістэмную дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце распавяла палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, вызваленая 1 лютага 2025 году.
2 сакавіка 2025 году прарасейскі палітолаг і заходнерусіст Усевалад Шымаў абурыўся тым, што персанал парку гісторыі «Сула» размаўляе выключна па-беларуску і адмаўляецца пераходзіць на расейскую мову. Ён наведаў парк разам з гасцямі з Масквы і адкрыта выказаў сваё незадавальненне такой мовай абслугоўвання.
21 сакавіка 2025 году выданне «Флагшток» паведаміла, што «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Рагачоўскага раёна» праводзіць дзяржаўную закупку мастацкай літаратуры для Рагачоўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Уладзіміра Караткевіча. За 7 тысяч беларускіх рублёў плануецца набыць 3475 кніг — усе на рускай мове. Беларускія кнігі не закупляюцца нават для бібліятэкі, названай у гонар класіка беларускай літаратуры. Раённы бюджэт выкарыстоўваецца для камплектацыі пераважна рускамоўнымі дзіцячымі выданнямі, такімі як «Колобок», «Царевна-лягушка» і інш.
2 красавіка 2025 году пакупнікі заўважылі, што вытворца кандытарскіх вырабаў «Віцьба» маркіруе сваю прадукцыю толькі на кітайскай і расейскай мовах, цалкам ігнаруючы беларускую. Гэта выклікала абурэнне сярод спажыўцоў, бо маркіроўка на дзяржаўнай мове краіны адсутнічае нават на прадукцыі, прызначанай для ўнутранага рынку.
3 красавіка 2025 году тэлеграм-канал «Мая краіна Беларусь» паведаміў, што ў Салігорску мігрантаў з Афрыкі навучаюць выключна рускай мове. Гэта прадстаўляецца як частка праграмы іх культурнай адаптацыі. Беларуская мова пры гэтым цалкам ігнаруецца, што сведчыць пра працяг русіфікацыйнай палітыкі нават у адносінах да новых жыхароў краіны.
7 красавіка 2025 году Уладзіслаў Ефімовіч (асуджаны 7 ліпеня 2023 года да 3 гадоў і 6 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па арт. 361-1 КК — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, і арт. 361-4 КК — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, вызвалены 20 студзеня 2025 года) распавёў ПЦ «Вясна», што ў Магілёўскай калоніі №15 негалосна забаранялася вывучаць шэраг моў — польскую, чэшскую, латышскую і асабліва ўкраінскую, якая называлася «мовай ворагаў». Вывучаць англійскую мову дазвалялася. Палітвязень распавёў, што меў падручнікі па польскай і чэшскай мовах, вучыўся цішком і хаваў матэрыялы пад матрац. Калі сшытак быў знойдзены супрацоўнікам калоніі, яго пакаралі 10 суткамі ШІЗА. Таксама, паводле яго слоў, у ШІЗА каралі і іншых зняволеных, якія спрабавалі вывучаць турэцкую мову. У калоніі існавалі курсы «ЕШКО», аднак палітвязням карыстацца імі было забаронена.
9 красавіка 2025 году Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву №12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы». Дакумент цалкам выкладзены на расейскай мове. У ім сцвярджаецца, што Беларусь атрымала незалежнасць толькі дзякуючы прэзідэнцкай форме кіравання, а таксама прапагандуецца мадэль фармальнага двухмоўя з фактычным дамінаваннем расейскай мовы.
14 красавіка 2025 году акторка Коласаўскага тэатра ў Віцебску Ксенія Камінская ў відэа на TikTok адзначыла, што многія акторы тэатра слаба валодаюць беларускай мовай, што стварае цяжкасці падчас імправізацыі на сцэне, калі забываецца тэкст.
11 траўня 2025 году, у Дзень дзяржаўных сімвалаў Беларусі, у Бярозе была ўсталяваная мемарыяльная дошка ў гонар прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Паўла Горына (Каляды) на доме №1 па вуліцы, якая носіць ягонае імя. Павел Горын быў арыштаваны НКУС і расстраляны па абвінавачанні ва «ўдзеле ў контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі». Мемарыяльная дошка выканана цалкам на расейскай мове.
13 траўня 2025 году стала вядома, што паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай мове, скарацілася з 135 523 у 2014 годзе да 88 885 у 2024 годзе. Адначасова колькасць навучэнцаў на расейскай мове вырасла на 22,6% і дасягнула 991 274 чалавек.
15 траўня 2025 году настаўніца беларускай мовы з невялікага мястэчка Наталля (імя зменена з меркаванняў бяспекі) распавяла «Радыё Свабода», што сітуацыя з беларускай мовай у школах застаецца вельмі дрэннай. Паводле яе слоў, школа, у якой яна працуе, афіцыйна лічыцца беларускамоўнай, але на практыцы большасць настаўнікаў выкладае прадметы на расейскай мове. Настаўніца тлумачыць гэта недахопам кваліфікаваных кадраў, здольных выкладаць па-беларуску.
21 траўня 2025 году тэлеграм-канал Мая Краіна Беларусь заўважыў, што ў мабільным дадатку таксі-сэрвісу А1 даступныя самыя розныя мовы — у тым ліку татарская і абхазская — але адсутнічае беларуская.
27 траўня 2025 году пасля перапынку на YouTube вярнулася праграма «Падарожжа дылетанта» — відэапраект, у якім Юрый Жыгамонт падарожнічае па беларускіх мястэчках, распавядаючы пра іх гісторыю, архітэктурныя асаблівасці, мясцовыя традыцыі і легенды. Праграма вядзецца па-беларуску і з цеплынёй падкрэслівае каштоўнасць нацыянальнай культурнай спадчыны. Аднак прарасейскія прапагандысты Рыгор Азаронак і Вадзім Гігін распачалі публічную кампанію цкавання і абвінавацілі аўтара ў антыдзяржаўнай дзейнасці.
29 траўня 2025 году ААТ «Пастаўскі малочны завод» у адказ на зварот праваабаронцы і моўнага актывіста Ігара Случака паведаміў, што не плануе маркіраваць сваю прадукцыю па-беларуску, бо «няма месца на ўпакоўцы». Прадпрыемства таксама не мае беларускамоўнай версіі сайта і не збіраецца яе ствараць, як і ўвогуле не плануе на 2025 год ніякіх захадаў па пашырэнні ўжывання беларускай мовы. Падобны адказ Ігар Случак атрымаў таксама ад УП «Блік» з Менску.
31 траўня 2025 году на вуліцах гістарычнага цэнтра Віцебска з’явіліся шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц — яны размешчаныя побач з афіцыйнымі аншлагамі. Перайменавання не адбывалася, ініцыятыва насіла інфармацыйны і культурна-асветніцкі характар. Аднак гэта выклікала незадаволенасць з боку прыхільніцы «русского мира» Эльвіры Мірсалімавай, якая абвінаваціла мясцовыя ўлады ў «змагарстве».
2 чэрвеня 2025 году моўны актывіст і праваабаронца Ігар Случак апублікаваў некалькі адказаў ад беларускіх прадпрыемстваў адносна выкарыстання беларускай мовы. ААТ «Маларыцкі кансервава-гароднінасушыльны камбінат» паведаміла, што маркіруе сваю прадукцыю на казахскай мове для казахскага рынку, але не плануе маркіроўку па-беларуску для беларускага рынку. Філіял «Навагрудскія дары» ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат» адмовіўся ўжываць беларускую мову на ўпакоўцы, спаслаўшыся на малыя памеры спажывецкай тары. ААТ «Лідская абутковая фабрыка» ў адказе адзначыла, што на 2025 год не прадугледжана ніякіх дзеянняў па пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў яе дзейнасці.
11 чэрвеня 2025 году жанчыне, якая размаўляе на беларускай мове і хацела ўладкавацца на працу ў дзіцячы цэнтр развіцця «Kids. Сокровища нации», было адмоўлена праз моўную прыналежнасць. Дырэктарка ўстановы паведаміла, што цэнтр з’яўляецца выключна расейскамоўным, і параіла шукаць працу ў беларускамоўным дзіцячым цэнтры.
18 чэрвеня 2025 году пад відэа беларускай блогеркі, якая вядзе свой канал у сацыяльных сетках па-беларуску, з’явіліся абуральныя каментары ад карыстальнікаў з Расеі. Яны сцвярджалі, што не разумеюць мову відэа, абвінавачвалі дзяўчыну ў «перакручванні расейскай мовы» і раілі «папрацаваць над слэнгам», нягледзячы на тое, што яна выкарыстоўвала беларускую мову.
22 чэрвеня 2025 года памёр Радзім Гарэцкі — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вядомы геолаг, пісьменнік і грамадскі дзеяч, пляменнік класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Пасля пахавання на яго магіле быў усталяваны крыж з надпісам выключна на расейскай мове.
Беларуская мова працягвае выцясняцца з публічнай прасторы, а яе носьбіты — сутыкацца з праявамі дыскрымінацыі. Агляд, які вы трымаеце перад сабой, — гэта не толькі фіксацыя фактаў, але і спроба адказаць на іх: праяўленнем салідарнасці, сведчаннем праўды і павагай да тых, хто не зламаўся. Мы працягнем гэтую працу — як дакументавання, так і супраціву.
Калі вы ведаеце пра выпадкі парушэння моўных правоў, якія не былі зафіксаваныя ў гэтым аглядзе, дасылайце іх на naszamova@gmail.com.
Обзор нарушений языковых прав в Беларуси с 1 января по 30 июня 2025 года (RU)