Дайнека Леанід

Дайнека Леанід Мартынавіч (28.1.1940, в. Змітраўка Другая, Клічаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 21.8.2019, Мінск). Празаік, паэт. Сябра СП з 1970 г. 

Пасля заканчэння сярэдняй школы (1956) працаваў на будоўлях Калінінграда і Свярдлоўскай вобласці. У Ніжнім Тагіле закончыў тэхнічную вучэльню (1959). Працаваў электрыкам на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце. Служыў у Савецкай Арміі (1960—1963). У 1967 г. закончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў старшым рэдактарам на Віцебскай студыі тэлебачання, на Беларускім тэлебачанні. У 1972—1989 гг. адказны сакратар часопіса “Маладосць”, з 1989 г. загадчык рэдакцыі паэзіі выдавецтва “Мастацкая літаратура”. З 1993 г. з сынамі Сяргеем, Змітром і Сцяпанам займаўся прадпрымальніцкай дзейнаьцю, заснаваў фірмы “Пасад” і “БелПі”. Сямейная кампанія вырабляла гатункі настояў “Крамбамбуля”. Сябра СП СССР з 1970 г.

Пахаваны на могілках Калодзішчы пад Мінскам.

Першы верш апублікаваў у 1961 г. (газета Уральскай ваеннай акругі “Красный боец”). Выдаў кнігі вершаў “Галасы” (Мінск, 1969), “Бераг чакання” (Мінск, 1972), “Начныя тэлеграмы” (Мінск, 1974), “Мая вясна саракавая” (Мінск, 1979), “Теплая земля“ (Москва, 1980), “Вечнае імгненне” (Мінск, 1985), “Сняжынкі над агнём” (Мінск, 1989). Аўтар зборніка апавяданняў “Бацькава крыніца” (Мінск, 1976), раманаў “Людзі і маланкі” (Мінск, 1978, па-руску: Москва, 1982), “Запомнім сябе маладымі” (Мінск, 1981), “Футбол на замініраваным полі” (Мінск, 1983; па-руску: Москва, 1986), “Меч князя Вячкі” (Мінск, 1987, 1993, 2000, 2006; па-руску: Минск, 1990), “След ваўкалака” (Мінск, 1988, 2001), “Жалезныя жалуды” (Мінск, 1993), “Чалавек з брыльянтавым сэрцам” (Мінск, 1992, 1994, 2014), “Назаві сына Канстанцінам” (Мінск, 2008, 2010). У 2018 г. у серыі “Беларускі кнігазбор” выйшлі Выбраныя творы. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1988) за раман “Меч князя Вячкі”, Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага (1990) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей — за гістарычныя раманы “Меч князя Вячкі” і “След ваўкалака”, прэміі імя Валянціна Пікуля (2010) з уручэннем залатога медаля за цыкл гістарычных раманаў.