Дадзіёмаў Уладзімір Ільіч (8.1.1924, мяст. Навабеліца, цяпер у межах Гомеля — 25.11.1983, Мінск). Празаік. Сябра СП з 1955 г.
Нарадзіўся ў сям’і рабочага. Да вайны закончыў першы курс Камуністычнага інстытута журналістыкі ў Менску. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны — радавы пяхоты, карэкціроўшчык батарэі, з 1943 г. супрацоўнік вайсковай газеты “Гвардейский натиск”. Браў удзел у баях на Доне, Курскай дузе, у фарсіраванні Дняпра, у вызваленні Польшчы, Румыніі, Вугоршчыны, Балгарыі, Аўстрыі, Югаславіі. Пад Балатонам (Вугоршчына) быў паранены. Пасля вайны завочна закончыў чатыры курсы Гарадзенскага педагагічнага інстытута, а ў 1958 г. — Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Быў карэспандэнтам газеты “Чырвоная змена”, Беларускага радыё, літсупрацоўнікам часопіса “Калгаснік Беларусі”. У 1959—1964 гг. уласны карэспандэнт “Литературной газеты”. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі. Сябра СП СССР з 1955 г.
Друкавацца пачаў у 1940 года, з апавяданнямі выступіў у франтавым друку ў 1943 г. Аўтар рамана “Над Нёманам” (Мінск, 1957; па-руску: Минск, 1959), дакументальнай аповесці “Белазерскі дзённік” (Мінск, 1963; па-руску: Москва, 1964), нарысаў “Людзі вялікай будоўлі” (Мінск, 1960), “Даярка Лідзія Асіюк” (Мінск, 1961), дакументальнай кнігі “Жлобінскія маладагвардзейцы” (Мінск, 1950).