Быкаў Васіль Уладзіміравіч (19.6.1924, в. Бычкі, Ушацкі р-н Віцебскай вобл. — 22.6.2003, Мінск). Празаік. Сябра СП з 1959 г.
Вучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскай мастацкай навучальні. Скончыў экстэрнам Кубліцкую сярэднюю школу. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў складзе інжынернага батальёна ўдзельнічаў у будаўніцтве абаронных збудаванняў. Са жніўня 1942 г. курсант Саратаўскай пяхотнай навучальні (скончыў у лістападзе 1943). Як камандзір узвода аўтаматчыкаў і ўзвода палкавой, затым армейскай артылерыі ўдзельнічаў у баях на 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Быў двойчы паранены. З дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Вугоршчыну, Югаславію, Аўстрыю. Служыў ва Ўкраіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе. Пасля дэмабілізацыі (1947) працаваў мастаком у гарадзенскіх мастацкіх майстэрнях, стыльрэдактарам абласной газеты “Гродзенская праўда”. У 1949—1955 гг. зноў служыў у Савецкай Арміі. У 1956—1972 гг. літсупрацоўнік, затым літкансультант газеты “Гродзенская праўда”, у 1972—1978 гг. сакратар Гродзенскага абласнога аддзялення СП БССР. З 1978 г. жыў у Міску. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1978—1990), з 1989 г. — народны дэпутат СССР. У 1988 г. стаў адным з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту. У 1990 г. абраны прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Быў прэзідэнтам Беларускага ПЭН-Цэнтра. Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Сябра СП СССР з 1959 г. Герой Сацыялістычнай Працы (1984). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені і медалямі. Народны пісьменнік БССР (1980).
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей “Жураўліны крык” (Мінск, 1960), “Ход канём” (Мінск, 1960), “Трэцяя ракета. Здрада” (Мінск, 1962), “Альпійская балада” (Мінск, 1964, па матывах аповесці пастаўлены ў 1967 г. балет на музыку Я.Глебава), “Адна ноч” (Мінск, 1965), “Аповесці” (Мінск, 1969), “Сотнікаў. Абеліск” (Мінск, 1972, па аповесці “Сотнікаў” пастаўлены ў 1977 г. кінафільм “Узыходжанне”), “Воўчая зграя” (Мінск, 1975, пастаўлена опера на музыку Г.Вагнера “Сцежкаю жыцця”, 1980), “Аповесці і апавяданні” (Мінск, 1978), “Пайсці і не вярнуцца” (Мінск, 1979), “Знак бяды” (Мінск, 1984, пастаўлены кінафільм у 1988), “Кар’ер” (І987), “У тумане” (Мінск, 1989), “Дажыць да світання” (Мінск, 1990), “На крыжах” (Мінск, 1992), “Сцюжа” (Мінск, 1993), “Сьцяна” (Менск, 1997), “Крыжовы шлях” (Мінск, 1998), “Пахаджане” (Вільня, 1999), “Балота. Знак бяды” (Мінск, 2001), “Ваўчыная яма” (Мінск, 2001), “Доўгая дарога дадому” (Мінск, 2002). Выдаў кнігу крытыкі “Праўдай адзінай” (1984). Творы выходзілі таксама ў перакладах на рускую мову і іншыя мовы. У 1974 і 1996 гг. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1980-1982 гг. — Збор твораў у 4 тамах, у 1992—1994 гг. — Збор тораў у 6 тамах. Пасля смерці аўтара творы багата перавыдаваліся. З 2005 г. выдаваўся Поўны збор твораў у 14 тамах. Працаваў і ў галіне драматургіі кіно, тэатра. Па яго сцэнарыях ставіліся кінафільмы, спектаклі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1964), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1978), Ленінскай прэміі (1986), прэміі “Залаты апостраф” (2003, пасмяротна).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 165), Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.