Бузук Пётр Апанасавіч (19.6(1.7).1891, в. Шарпены, цяпер Новааненскі р-н, Малдова — 7.12.1938, Волагда, Расія). Пісьменнік, перакладчык, філолаг.
У 1904—1910 гг. вучыўся ў Ціраспальскім рэальным вучылішчы. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Новарасійскага ўніверсітэта ў Адэсе (1916). Выкладаў у гэтым універсітэце рускую мову. Прадстаўнік параўнаўча-гістарычнай школы мовазнаўства. З 1920 г. дацэнт Новарасійскага ўніверсітэта. З 1924 г. доктар філалагічных навук. На запрашэнне рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта У. Пічэры з восені 1925 г. працаваў у Менску. У 1926 г. перайшоў на працу ў Інбелкульт. З 1929 г. старшыня дыялекталагічнай камісіі. Арыштаваны ДПЦ БССР 6 жніўня 1930 г. па справе “Саюза вызвалення Беларусі”, праз некаторы час вызвалены. З 1931 г. быў дырэктарам Інстытута мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук, кіраваў працай па падрыхтоўцы праекту рэформі правапісу 1933 г. Зноў арыштаваны 9 лютага 1934 г., высланы на 3 гады ў Волагду. У 1934—1935 гг. працаваў бібліятэкарам, потым выкладаў нямецкую мову ў Валагодскім педагагічным інстытуце. Зноў арыштаваны 15 ліпеня 1937 г. Прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны цалкам у 1988 г.
Расстраляны органамі НКУС у Волагдзе, РФ. Месца пахавання невядомае.
Вывучаў праблемы праславянскай мовы, пытанні агульнага і параўнальнага мовазнаўства, беларускай лінгвістычнай геаграфіі. Аўтар першага дыялекталагічнага атласа беларускай мовы (1928). Пад псеўданімам П. Росіч выступаў у друку з апавяданнямі, вершамі, перакладамі. У 1928 г. стаў сябрам “Маладняка”.