Бутэвіч Анатоль Іванавіч (нар. 15.06.1948, хут. Язавец, Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.). Пісьменнік. Уваходзіў у сябры СБП з 1994 г..
Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1971). Працаваў рэдактарам Беларускага тэлеграфнага агенцтва (1971—1973), намеснікам рэдактара газеты “Чырвоная змена” (1975—1979), дырэктарам рэспубліканскага выдавецтва “Мастацкая літаратура” (1986—1987), у ЦК ЛКСМБ (1973—1975, 1979—1980) і ЦК КПБ (1980—1986, 1987—1990). Старшыня Дзяржаўнага камітэта па друку (1990—1992), міністр інфармацыі (1992—1994), міністр культуры і друку Рэспублікі Беларусь (1994—1996). У 1996—1998 гг. Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску. У 1998—2000 гг. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Румыніі. Мае дыпламатычны ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь. Кандыдат навук у галіне інфармацыйных тэхналогій. Член рэдкалегій часопіса “Вясёлка”, “Краязнаўчай газеты”, намеснік старшыні рады Беларускага фонда культуры, член Савета ветэранаў камсамола, піянерскага і маладзёжнага руху пры ЦК БРСМ. Сябра Беларускага саюза журналістаў з 1972 г. Узнагароджаны ордэнам Свяціцеля Кірылы Тураўскага Беларускай праваслаўнай царквы (2008), медалём “За асваенне цалінных зямель” (1969), Граматай Вярхоўнага Савета БССР (1978), Ганаровай граматай Савета Міністраў Беларусі (1998). Мае ганаровае званне “Заслужаны журналіст” ГА “Беларускі Саюз журналістаў” (2008). Лаўрэат прэміі Саюза журналістаў “Залатое пяро – 2001”.
Працуе ў галіне дзіцячай літаратуры, гістарычнай, публіцыстыкі, крытыкі, перакладу. Друкавацца пачаў у 1969 г. Перакладае з польскай, рускай, украінскай моў на беларускую, з беларускай на рускую. Аўтар кніг: “Прыгоды лісціка-карунчыка” (Мінск, 1997), “Прыгоды памаўзлівай Рыскі” (Мінск, 1999), “Расстайны пах асоту” (Мінск, 2000, 2021), “У гасцях у вечнасці” (Мінск, 2001, 2021), “Званы Нямігі” (Мінск, 2002), “Як акіян з кропелькай барукаўся” (Мінск, 2003), “Мірскі замак” (Мінск, 2003), “За наміткай гісторыі” (Мінск, 2003), “Адвечны покліч Радзімы” (Мінск, 2004), “Славутыя родам сваім” (Мінск, 2006), “Пад небам беларускага слова” (Мінск, 2007), “Перунова племені дзеці” (Мінск, 2008), “Раскіданае гняздо крывіцкай славы” (Мінск, 2008), “Прыгоды Віруса Шкодзі” (Мінск, 2009, 2021), “На далонях вечнасці” (Мінск, 2010), “Каралева не здраджвала каралю, або Каралеўскае шлюбаванне ў Новагародку” (Мінск, 2010), “Таямніцы Мірскага замка” (Мінск, 2011, па-руску, Минск, 2014), “Паміж Княствам і Каронай: Ад Крэва да Кракава” (Мінск, 2013), “Таямніцы Нясвіжскага замка” (Мінск, 2013; па-руску, Минск, 2019), “Я адной табе належу…” (Мінск, 2013), “Пацалунак на фоне гор” (Мінск, 2014), “Таямніцы Крэўскага замка” (Мінск, 2015), “Таямніца Восень і Сняжынка падарожніца” (Мінск, 2015),“Як Данік у Радзівілаўскае метро трапіў” (Мінск, 2016), “Жанчыны з легенды” (Мінск, 2017), “Распасажаны дом” (Мінск, 2020). Лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі часопіса “Вясёлка”, літаратурнага конкурсу “Кімерыйскія музы” на міжнародным фестывалі дзіцячых пісьменнікаў у Феадосіі, лаўрэат Гомельскай абласной літаратурнай прэміі імя А. Капусціна. У 2004 г. за пераклады з польскай мовы атрымаў прэмію польскага Таварыства аўтараў ZАiKS.