Бушлякоў Юрась Сямёнавіч (29.5.1973, Мінск — 4.6.2013, Мінск). Мовазнавец, журналіст, перакладчык.
Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, аспірантуру. Абараніў дысертацыю на тэму “Моватворчая практыка Янкі Станкевіча (з гісторыі нармалізацыі беларускай мовы)”. Кандыдат філалагічных навук (2003). У 1999—2003 працаваў выкладчыкам кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ. Выкладаў у Беларускім гуманітарным ліцэі, Карлавым універсітэце ў Празе. Адначасова займаўся журналістыкай, працаваў у тэлекампаніі “ФІТ” (1994—1995), на Радыё “101,2” (1995—1996), у штотыднёвіку “Наша Ніва” (1997), карэспандэнтам беларускай і ўкраінскай рэдакцый Польскага радыё (1997—1999), журналістам радыё “Рацыя” (1999—2002), на Радыё “Свабода” (з перапынкамі ад 1996 г.), у тым ліку вёў аўтарскую перадачу “Жывая мова”.
Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.
Адзін з аўтараў кнігі “Беларускі клясычны правапіс” (разам з В. Вячоркам, З. Санько і З. Саўкам, Вільня—Менск, 2005). Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Чэслава Мілаша, Эдгара Алана По, Вітальда Гамбровіча, Збігнева Герберта, Яраслава Сейферта.