Бурш Яша (сапр. Анісеровіч Ян, 12.9.1929, Баранавічы, Брэсцкая вобл. — 29.1.2007, Варшава, Польшча). Паэт, мастак.
У 1950 г. разам з бацькамі пераехаў на сталае жыхарства ў Варшаву. Скончыў Варшаўскую акадэмію мастацтваў (1957), удасканальваў свае веды і ўменні на стажыроўках у Ленінградзе і Рыме (стыпендыят ураду Італіі), працаваў у варшаўскіх школах настаўнікам жывапісу. Адзін з першых суарганізатараў беларускага літаратурна-мастацкага руху ў Польшчы. Сябра Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”. З 1970-х гг. знік з публічнага літаратурнага жыцця. Стаў вядомым у Польшчы мастаком, лаўрэатам шматлікіх польскіх і міжнародных прэмій, меў больш за паўсотні персанальных выставак.
Пахаваны на варшаўскіх Паўночных могілках (поле S-II-18, шэраг 6, магіла 16).
Дэбютаваў як паэт у 1958 г. на старонках газеты “Ніва” (пад псеўданімам Ян Станіслаў). Публікаваўся ў альманахах “Рунь”, “Белавежа”, “Літаратурная Беласточчына”, Беларускіх календарах, газеце “Ніва”. Аўтар зборніка “Прамень думкі” (Беласток, 1964).