Бурносаў Васіль

Бурносаў Васіль Емяльянавіч (18.8.1914, в. Зелянькова, цяпер Круглянскі р-н Магілёўскай вобл. — 19.7.1984, Мінск). Крытык, літаратуразнаўца. Сябра СП з 1951 г.

У 1933—1934 гг. працаваў брыгадзірам, затым старшынёй калгаса “Новы свет” Бялыніцкага раёна. Быў токарам на аўтарамонтным заводзе ў Магілеве. Скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску (1939). Працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны — на Заходнім фронце, быў цяжка паранены. З 1942 г. — інструктар ЦК ВЛКСМ, з 1943 г. — намеснік рэдактара газеты “Чырвоная змена”. Быў карэспандэнтам “Правды” па БССР (1944—1947). Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, рэдакцыях часопіса “Полымя”, “Коммунист Белоруссии”, газеты “Літаратура і мастацтва”, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, галоўным рэдактарам выдавецтва БДУ, старшым рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Сябра СП СССР з 1951 г. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.

Літаратурна-крытычнай працай займаўся з 1947 г. Апублікаваў шэраг артыкулаў аб партыйнасці і народнасці літаратуры, сацыялістычным рэалізме, аб творчасці Л.Талстога, М.Гогаля, А.Кальцова, М.Горкага, У.Маякоўскага, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Лынькова, А.Куляшова і іншых беларускіх пісьменнікаў.