Бур’ян Барыс Іванавіч (7.1.1924, Масква, Расія — 8.10.2009, Мінск). Крытык, празаік. Сябра СП з 1950 г.
Да вайны працаваў артыстам у тэатрах Разані і Кінешмы. Скончыў тэатральную студыю пры Разанскім тэатры (1941). Са жніўня 1941 г. служыў у Савецкай Арміі — у войсках сувязі, удзельнічаў у баях на 4-м Украінскім фронце. З 1946 г. карэспандэнт БелТА, у 1947—1951 гг. стыльрэдактар газеты “Сталинская молодежь”. Потым быў рэдактарам на Беларускім тэлебачанні, Мінскай кінастудыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў. У 1952—1953 і з 1963 гг. супрацоўнік газеты “Літаратура і мастацтва”, у 1953—1962 гг. часопіса “Советская Отчизна” (“Неман”). У 1967—1985 гг. загадчык аддзела тэатра, музыкі і кіно ў рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”. Сябра СП СССР з 1950 г. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і “Знак Пашаны”, медалямі.
Памёр і пахаваны ў Мінску.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1947 г. з тэатральных рэцэнзій. Пісаў на рускай і беларускай мовах. Выдаў тэатразнаўчы нарыс “На высоком взлете” (з І.Ліснеўскім, Минск, 1962), брашуру “Каму апладзіруіе зала” (Мінск, 1972), зборнікі эсэ і артыкулаў “На театральных перекрестках” (з І.Ліснеўскім, Минск, 1967), “З сёмага рада партэра” (Мінск, 1978), “Судьба чужая — как своя” (Минск, 1982), “І толькі надпіс…” (Мінск, 1987). Выступаў і як літаратурны крытык. Аўтар аповесцей “Первый снег” (Минск, 1957), “У синей бухты” (Минск, 1959), “Твоя повесть” (Минск, 1959), “Вальс Грибоедова” (Минск, 1960; па-украінску, Киів, 1963), “Радужный перезвон” (Минск, 1964), “Грозовые отголоски” (Минск, 1984). Напісаў п’есы “Зорка Венера” (з М. Алтуховым, 1961, пастаўлена ў 1967) і “Твой высокі поўдзень” (пастаўлена ў 1968). Стварыў шэраг сцэнарыяў для радыё, тэлебачання і дакументальнага кінематографа. З беларускай мовы на рускую пераклаў асобныя творы К.Чорнага, М.Лынькова, Б.Мікуліча, А.Якімовіча, А.Васілевіч, У.Шахаўца, І.Грамовіча, Т.Хадкевіча, Я.Курто і інш.