Булыка Галіна

Булыка Галіна Аляксандраўна (нар. 6.12.1960, в. Осава, Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Пісьменніца, перакладчык. Сябра СП з 1987 г.

Нарадзілася ў сям’і настаўнікаў. У 1966 г. сям’я пераехала ў Мінск. Скончыла хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1983). Працавала стажорам-даследчыкам у Інстытуце фізіка-арганічнай хіміі АН БССР, выхавацелем у рабочым інтэрнаце Мінскага матацыклетнага і веласіпеднага завода, інжынерам-наладчыкам Упраўлення пусканаладачных работ трэста “Аўтарэмбудмантаж” Мінаўтапрома СССР. У 1989 г. скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Працавала ў газетах “Культура”, “Рэспубліка”, часопісах “Крыніца”, “Беларуская думка”. У 2004 г. стала галоўным рэдактарам часопіса “Coiles Tubing Times”(“Час калцюбінга”). Сябра СП СССР з 1987 г.

З вершамі ўпершыню выступіла ў друку ў 1975 г. (часопіс “Бярозка”). Аўтар зборнікаў паэзіі “Сінтэз” (Мінск, 1986), “Турмалін” (Мінск, 1994). Пад псеўданімам Вікторыя Васільева выпусціла раман “Здабыццё шчасця” (Вільня—Мінск, 1996), пад псеўданімам Галіна Яхантава — раманы “Сны Анастасии” (Москва, 1996); “Чёрная роза Анастасии» (Москва, 1997), пад псеўданімам Галіна Шарэўская — раман “Восток любви” (Москва, 1997), пад псеўданімам Эліс Фокс — раман “Белоснежка и Чернодымка” (Минск, 1998). Друкуецца таксама пад псеўданімамі Алена Лісоўская і Алена Сахарава.