Буйло Канстанцыя

Буйло Канстанцыя Антонаўна (у шлюбе Калечыц, 2(14).1.1893, Вільня, цяпер Літва — 4.6.1986, Масква, Расія). Паэтка.

У 1914 г. скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні. Настаўнічала на Лідчыне. Загадвала беларускай кнігарняй у Полацку (1915—1916). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працавала статыстам у Валакаламскім павятовым выканкоме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, бухгалтарам саўгаса “Данілкава”. З 1923 г. жыла ў Маскве. Працавала на заводзе “Аграном” (1929—1934), начальнікам аддзела збыту палітэхлабарсаюза (1934—1940), у 1940—1951 гг. — начальнікам аператыўнага аддзела, затым в. а. намесніка дырэктара цэнтральнай канторы ветэрынарнага забеспячэння трэста Саюзветзабпрам. Сябра СП СССР з 1944 г. Узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны” і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968).

Памерла ў Маскве. Урна з прахам, паводле запавету, перапахаваная на могілках в. Вішнева Валожынскага р-на Мінскай вобл.

Дэбютавала вершамі ў 1909 г. (газета “Наша ніва”). Першую кнігу “Курганная кветка” (Вільня, 1914, факсімільнае выданне ў 1989) адрэдагаваў Я. Купала. Аўтар зборнікаў вершаў “Світанне” (Мінск, 1950), “На адноўленай зямлі” (Мінск, 1961), “Май” (Мінск, 1965), “Роднаму краю” (Мінск, 1973). Выйшлі Выбраныя творы (1954), “Выбранае” (1968, 1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1981). Напісала кніжкі вершаў для дзяцей “Юрачка” (Мінск, 1957), “У бляску зор” (Мінск, 1968), “Вясной” (Мінск, 1984). Аўтар п’ес “Кветка папараці” (1914) і “Сягонняшнія і даўнейшыя” (1914, пастаўлена ў 1921). Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку. Асабліва шырокую вядомасць займела песня “Люблю”, якая стала народнай.

Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 263), аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21. Віленскі беларускі фонд), Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.