Будны Сымон (каля 1530, Падляшша — 13.1.1593, в. Вішнева, цяпер Валожынскі р-н Мінскай вобл.). Перакладчык, пісьменнік-палеміст.
Закончыў Кракаўскі ўніверсітэт, магчыма таксама Базельскі пратэнстанцкі ўніверсітэт. У 1558 г. пачаў дзейнасць у Вільні як катэхізіст у Віленскім кальвінскім гурстку. Выкладаў асновы тэалогіі ў Віленскім пратэстанцкім зборы. Каля 1560 г. пераехаў у Клецк, дзе працягнуў працу, распачатую ў Вільні. Друкаваў кнігі ў Нясвіжская друкарні, адным з заснавальнікаў якой сам з’яўляўся. У 1563 г. перайшоў з кальвінізму ў антытрынітарым (арыянства). У 1566 г. пераехаў у Хоўхлава на запрашэнне Ганны Кішчынай, якая кіравала мясцовым арыянскім зборам. Каля 1570 г. перабраўся ў Заслаўе да менскага кашталяна Яна Глябовіча, у 1573—1583 гг. жыў у Лоску ў прыхільніка арыянаў магната Яна Кішкі, пазней — у Іўі. Апошнія гады жыцця спыняўся ў дварах выпадковых магнатаў.
Пісаў на старабеларускай і польскай мовах пераважна палемічныя і філасофска-публіцыстычныя творы. Аўтар кніг “Катэхізіс” (Нясвіж, 1562; перавыдадзены: Стакгольм, 1628, Мінск, 2005; па-польску, 1563—1564), “Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам” (Нясвіж, 1562), “Аб асноўных догматах веры” (лаціна, Берасце, 1570), “Аб асноўных артыкулах хрысціянскай веры” (польская, Лоск, 1576), “Аб свецкай уладзе” (польская, Лоск, 1583), “Ліст да Сеньёра” (польская, 1581), “Ліст да Крыштафа Ласоты” (польская, 1583) і інш. Частка твораў мелі белетрызаваны характар. Пісаў таксама панегірычныя вершы. Пераклаў на польскую мову “Размовы Святога Юстына філосафа і мучаніка з Трыфанам Жыдам” (Нясвіж, 1564), Новы Запавет (Нясвіж, 1570, 1573(?)), Біблію (Нясвіжская Біблія, 1572), твор Э.В.Фрыза “Аб фурыях альбо Французскім шаленстве” (Лоск, 1576) і інш.