Брыль Янка

Брыль Янка (22.7(4.8).1917, Адэса, Украіна — 25.7.2006, Мінск). Празаік, перакладчык. Сябра СП з 1945 г.

Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. У 1922 г. разам з бацькамі пераехаў на іх радзіму ў Заходнюю Беларусь (вёска Загора Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці). Скончыў польскую сямігодку (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. У сакавіку 1939 г. прызваны ў польскую армію. Служыў у марской пяхоце. У верасні 1939 г. пад Гдыняй трапіў у нямецкі палон, восенню 1941 г. уцёк на радзіму. З кастрычніка 1942 г. сувязны партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а з сакавіка да ліпеня 1944 г. партызан-разведчык брыгады “Камсамолец” і рэдактар газеты “Сцяг свабоды” (орган Мірскага падпольнага райкома партыі) і сатырычнага антыфашысцкага лістка “Партызанскае жыгала”. З кастрычніка 1944 г. жыве ў Мінску. Працаваў у рэдакцыі газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, часопісах “Вожык”, “Маладосць”, “Полымя”, у Дзяржаўным выдавецтве БССР. У 1966—1971 гг. сакратар праўлення СП БССР. Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1963—1967, 1980—1985). Старшыня Беларускага аддзялення таварыства “СССР — Канада” (1967—1990). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1945 г. Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Дружбы народаў, “Знак Пашаны”, савецкімі і польскімі медалямі. Народны пісьменнік БССР (1981).

Пахаваны на могілках пас. Калодзішчы.

У 1938 г. пачаў друкавацца як паэт і публіцыст (віленскі беларускі часопіс “Шлях моладзі”). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей “Апавяданні” (Мінск, 1946), “Нёманскія казакі” (Мінск, 1947), “Вераснёвая рунь” (Мінск, 1949), “У Забалоцці днее” (Мінск, 1951), “Дзеля сапраўднай радасці” (Мінск, 1952), “На Быстранцы” (Мінск, 1955), “Вачыма друга” (Мінск, 1956), “Сэрца камуніста” (Мінск, 1957), “І смех, і бяда” (Мінск, 1958), “Надпіс на зрубе” (Мінск, 1958), “Выбраныя апавяданні” (Мінск, 1959), “Мой родны кут” (Мінск, 1959), “Працяг размовы” (Мінск, 1962), “Жменя сонечных промняў” (Мінск, 1965), “Адзін дзень” (Мінск, 1968), “Акраец хлеба” (Мінск, 1977), “Золак, убачаны здалёк” (Мінск, 1979), “Гуртавое” (Мінск, 1980), “Пішу як жыву” (Мінск, 1994), “Запаветнае” (Мінск, 1999), зборнікаў апавяданняў і мініяцюр “Ты жывеш” (Мінск, 1978), “Сёння і памяць” (Мінск, 1985), “Ад сяўбы да жніва” (Мінск, 1987), “На сцежцы — дзеці” (Мінск, 1988), “Пробліскі” (Мінск, 1992), “Вячэрняе” (Мінск, 1994), “Дзе скарб ваш” (Мінск, 1997), “Сцежкі, дарогі, прастор” (Мінск, 2001), “З людзьмі і сам-насам” (Мінск, 2003), “Парастак” (Мінск, 2006), “Муштук і папка” (2008), раманаў “Граніца” (ч. I, часопіс “Полымя”, 1949), “Птушкі і гнёзды” (Мінск, 1964, 2006, 2020). У сааўтарстве з А.Адамовічам і У.Калеснікам напісаў дакументальную кнігу “Я з вогненнай вёскі…” (Мінск, 1975, па матывах кнігі пастаўлены “Хатынскі цыкл” дакументальных фільмаў). Выдаў кніжкі прозы для дзяцей “Ліпка і клёнік” (Мінск, 1949), “Зялёная школа” (Мінск, 1951), “Светлае ранне” (Мінск, 1954), “Пачатак сталасці” (Мінск, 1957), “Жыў-быў вожык” (Мінск, 1976), “Сняжок і Волечка” (Мінск, 1983, 2022). Выйшлі Зборы твораў у 2-х (1960, 1984), 3-х тамах (1992—1993), 4-х (1967—1968), 5 тамах (1979-1981), 10 тамах (2018—2020).

Я.Брылю належаць таксама кнігі “Роздум і слова” (літаратурна-крытычныя артыкулы, нататкі, Мінск, 1963) і “Трохі пра вечнае” (артыкулы, творчыя партрэты, лірычны роздум, Мінск, 1978). Напісаў тэксты да альбомаў “Там, дзе сінее Нарач” (Мінск, 1963) і “Між тых палёў…” (Мінск, 1968). Вядомы і як перакладчык з рускай, украінскай і польскай моў. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі паасобныя творы Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, П.Бажова, Г.Траяпольскага, А.Вішні, Л.Смілянскага, А.Даўжэнкі, В.Казачэнкі, М.Канапніцкай, Э.Ажэшкі, Л.Кручкоўскага, Я.Івашкевіча, В.Жукроўскага, Т.Ружэвіча, М.Ю.Канановіча, Я.Гушчы і інш. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1952), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1963), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1982). Атрымаў у Польшчы прэміі за пераклады польскай літаратуры і ўмацаванне дружбы паміж народамі — імя У.Петшака (1972) і аўтарскага аб’яднання “ЗАІКС” (1975).

Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 59), аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (фонд 10).