Выдавецтва “Папуры” перавыдала кнігу казак Надзеі Ясмінскай “Сем ружаў” з ілюстрацыямі Кацярыны Дубовік. Гэтая кніга ў 2016 годзе перамагла адразу ў дзвюх намінацыях Прэміі Цёткі за найлепшае мастацкае афармленне і за найлепшы твор для дзяцей.
“Упершыню кніжка выйшла ў 2015 годзе і была маёй першай самастойнай працай пасля выпуску з акадэміі мастацтваў. Першы тыраж даўно раскуплены, арыгіналы ілюстрацый абаснаваліся ў Нацыянальным Мастацкім Музеі Беларусі, але ўсе гэтыя гады дызайн кнігі не даваў мне спакою. Зараз, праз дзесяць год, мне выпаў шанец зрабіць своеасаблівую “працу над памылкамі”. Сем чароўных казак Надзі Ясмінскай выйшлі пад новай вокладкай, з новым дызайнам, і, месцамі, з новымі ілюстрацыямі”, — пракаментавала навіну ў сацсетках мастачка Кацярына Дубовік.






Ілюстрацыі Кацярыны Дубовік. Instagram.com
У кнізе апавядаецца, пра тое, як аднойчы ў Густым лесе сабраліся дзіўныя істоты і зрабілі дарункі людзям. Яны стварылі чарадзейныя кветкі-ружы. Кожная з іх мусіла дастацца пэўнай дзяўчынцы і змяніць ейнае жыццё самым неймаверным чынам. Сем ружаў — сем казак.
Кнігу можна набыць у менскай кнігарні Параграф_45 і іншых крамах, а таксама на маркетплэйсах, напрыклад, тут.

