Кнігі і вандроўкі — на фэсце ў Швецыі Алексіевіч, Цімафеева і Бахарэвіч

З 17 па 20 ліпеня ў шведскай камуне Ар’еплуг (Arjeplogs) пройдзе фестываль Bok & Vandring (Кнігі і вандроўкі), які арганізуе культурная мэнэджарка, шведская фатографка і аўтарка Марыя Сёдэрберг, піша Reform.

Падчас фестывалю адбудзецца некалькі выступаў беларускіх літаратараў. 18 і 19 ліпеня — Юлі Цімафеевай і Альгерда Бахарэвіча“Новыя пераклады маіх вершаў зрабіў Мікаль Нюдаль. Альгерд прадставіць шведскі пераклад сваёй навэлы «Плошча Перамогі», а мадэраваць усе нашыя імпрэзы будзе дыпламат, перакладчык і яшчэ адзін даўні сябар Беларусі Стэфан Эрыксан”, — падзялілася навіной Юля Цімафеева ў сваім Фэйсбуку.

20 ліпеня на фестывалі выступіць беларуская нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Размова пісьменніцы са сваёй шведскай перакладчыцай Кайсай Оберг Ліндстэн пад назвай “Секундная стрэлка часу” пойдзе пра кнігу “Час сэканд-хэнд”

Запрашэнне пісьменнікаў, музыкаў і паэтаў, якія жывуць у выгнанні, з’яўляецца чымсьці накшталт візітнай карткі культурных мерапрыемстваў Марыі Сёдэрберг.

“Важна прыцягнуць увагу да іх становішча, і не ў апошнюю чаргу праліць святло на той факт, што толькі ў Беларусі 1500 журналістаў і пісьменнікаў, палітычных зняволеных зазнаюць катаванні. Я ведаю некалькіх з тых, хто быў у турмах, гэтае жудаснае абыходжанне з людзьмі адбываецца ў непасрэднай блізкасці ад нас“, — расказвала Марыя Сёдэрберг шведскаму выданню Arjeplognytt.

На фестывалі Bok & Vandring таксама будзе звернута ўвага на ўразлівае становішча нацыянальных меншасцяў у Расіі. Сярод іншага прагучаць вершы на кільдзінскай саамскай мове Рамана Якаўлева.

Фестываль Bok & Vandring спалучае некалькі рэчаў — культуру, у прыватнасці — літаратуру, і прыроду. Важнай часткай фестывалю, як вынікае з назвы, з’яўляюцца вандроўкі, падчас якіх адбываюцца сустрэчы з літаратарамі і экскурсіі.

Адна з тэмаў імпрэзы — культурная спадчына, з чаго яна складаецца, што важна захаваць і як мы ставімся да нематэрыяльнай культурнай спадчыны? “Гэта таксама важная і актуальная тэма. Адным з рухавікоў вайны з’яўляецца знішчэнне нашай культурнай спадчыны”, — кажа Марыя Сёдэрберг.

Поўны расклад мерапрыемстваў можна паглядзець тут.